НББ запрашае на выстаўку, прымеркаваную да УНС і Года народнага адзінства

2021 - Год народнага адзінства VI Усебеларускі народны сход

Тэматычная кніжная выстаўка «Беларусь — наш агульны дом», прымеркаваная да VI Усебеларускага народнага сходу і Года народнага адзінства, адкрылася сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў аддзеле галерэйна-выставачнай дзейнасці НББ.

«Усебеларускі народны сход — знакавая падзея ў жыцці рэспублікі. Яго ўдзельнікі, выбраныя працоўнымі калектывамі, грамадзянамі па месцы жыхарства, вучобы або службы, выказваюць самы шырокі спектр грамадскай думкі, уносяць прадукцыйныя ідэі, накіраваныя на ўзгадненне падыходаў у вырашэнні актуальных праблем дзяржаўнага будаўніцтва, далейшага ажыццяўлення эканамічных рэформ», — адзначылі ў бібліятэцы.

На выстаўцы прадстаўлена каля 200 дакументаў, у якіх разглядаюцца галоўныя кампаненты ідэалогіі беларускай дзяржавы ў розных сферах жыццядзейнасці беларускага грамадства, пытанні канстытуцыйнага права Беларусі, раскрываюцца месца і роля палітычных інстытутаў і грамадскіх арганізацый у ідэалагічных працэсах.

Акрамя таго, арганізатары рэкамендуюць наведаць тэматычную выстаўку «Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: правы, абавязкі, адказнасць», якая прысвечана Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. «У раздзеле выстаўкі «Усебеларускі народны сход. Гісторыя» прадстаўлены кнігі і буклеты з матэрыяламі народных сходаў, уключаючы першы з’езд, які прайшоў 19-20 кастрычніка 1996 года. У экспазіцыю таксама ўвайшлі выданні, прысвечаныя станаўленню і сучаснаму стану беларускай дзяржаўнасці, дасягненням у сацыяльна-эканамічнай, навуковай і культурнай сферах, знешнеэканамічным і знешнепалітычным сувязям, турызму і культурна-гістарычнай спадчыне Беларусі», — расказалі ў НББ.

Выстаўка мае навукова-практычнае значэнне, рэкамендавана палітыкам, дзяржаўным дзеячам, навуковым супрацоўнікам, выкладчыкам, аспірантам і студэнтам, будзе карыснай арганізатарам ідэйна-выхаваўчай работы ў калектывах і арганізацыях.

Азнаёміцца з экспанатамі можна па 21 лютага.