Як гаіліся раны

Культура

Самым цяжкім перыядам для Янушкавічаў быў 1943 год, калі ў вёсцы не засталося ніводнай сям’і, у якой не насілі б жалобу. Так, у Юзюні Гадлеўскай немцы спалілі 6 сваякоў. Акурат у дзень трагедыі жанчына затрымалася ў Пяршаях, і гэта выратавала ёй жыццё, але Юзюня да скону карыла сябе за тое, што не была разам са сваімі, што не раздзяліла іх лёс… Насупраць нас жыў Франц Мянёк, які таксама застаўся адзінокім. Памятаю, як ён хадзіў па папялішчы і збіраў костачкі спаленай жонкі і сына, каб пахаваць іх на пяршайскіх могілках. Пасадзіў над магілкамі белы бэз. Ён вось ужо амаль семдзесят гадоў буйна цвіце на месцы вечнага спачынку замучаных…
Жыхары навакольных вёсак дапамагалі пагарэльцам, як маглі. Хоць не мелі асаблівага дастатку, але дзяліліся апошнім, пускалі перазімаваць, памятаючы пра запаведзі: галоднага – накармі, голага – апрані, мёртвага – пахавай. Ніхто не зачыніў дзверы перад чужой бядой.
Вясной у Янушкавічах закіпелі будаўнічыя работы. У якасці часовага жытла ўзводзілі спецыяльныя паветкі з паркана, абшывалі карой, крылі саломай. Салому клалі і ў сярэдзіну, каб на ёй спаць. Гэтыя буданы называліся “бальвэдарамі”. Ежу рыхтавалі на вогнішчы, а вось пячы хлеб хадзілі ў суседнія вёскі, дзе захаваліся хаты з печамі. Нечакана выпала нагода абзавесціся каровай. Усе каровы ўтрымліваліся на ферме Рымашэўскага ў Пяршаях. Немец, які назіраў за парадкам, трохі ведаў польскую мову і даваў пісьмовы дазвол пагарэльцам на атрыманне жывёлы.
Былі і іншыя неспадзяваныя “сюрпрызы”. Неяк, калі фашысты ўжо адступалі, па вёсцы пайшла пагалоска – “гасла”, як гаварылі тады: “Немцы кідаюць шмат дабра, якое згадзіцца ў гаспадарцы!” Людзі тады набраліся палатачнай тканіны, з якой яшчэ доўгі час пасля вайны шылі штаны, прынеслі цынкавыя скрынкі ад патронаў і безліч іншых рэчаў, якія можна было прыстасаваць з карысцю ў гаспадарцы. Хадзілі і ў Кур’і Грады, дзе партызаны таксама пакінулі шмат дабра.
Вясной 1944 года ў Янушкавічах ужо стаялі новыя зрубы. Людзі баяліся, што раз’юшаныя фашысты падчас адступлення спаляць новабудоўлі, але вораг так імкліва даваў драла, што на караючыя акцыі ў іх не хапала часу. Тыя ж з акупантаў, якія адсталі ад сваіх, доўга потым блукалі па лясах, жабрачылі па вёсках. Мясцовыя жыхары давалі ім хлеб і нават спачувалі…
Пасля баёў каля вёскі валялася шмат кінутай зброі і боепрыпасаў. Асаблівую небяспеку ўяўлялі неразарваныя гранаты і міны. На іх часам натыкаліся дарослыя, дзеці і гінулі ўжо ў мірны час.
Пасля вайны хоць было голадна і холадна, але на жыццё глядзелася весялей. Асабліва радаваліся мы, дзеці. Не паспяваў сысці снег, як на праталінах мы малявалі клетачкі і скакалі “ў неба” – гэта сённяшнія класікі, гулялі ў мячык, які здаваўся нейкім цудам і які мы бераглі асабліва. Неяк раз мячык трапіў у студню, то мы, рызыкуючы сарвацца, дасталі яго. Студні былі без зрубаў, аднойчы нават конь у адну ўваліўся, і ўсёй вёскай яго выцягвалі.
Людзі хадзілі босыя, прабівалі ногі на ржавыя цвікі на папялішчах. Раны лячылі лісцем трыпутніку, намазаўшы яго свежай смятанай, а розныя болькі прамывалі адварам маладых альховых галінак. Дзіўна, але на прастуду і грып не хварэлі. Як толькі на садовых дрэвах і кустах з’яўлялася завязь, дзеці яе елі, і той горка-кіслы смак здаваўся найсмачнейшым. Калі ў лесе пачыналі спець ягады, то бегалі ласавацца туды. Бацькі папярэджвалі, каб хаця глядзелі пад ногі, бо можна было наступіць на змяю. Памятаю, як адну дзяўчынку ўкусіла змяя. Нага хутка адзервянела, добра, што ў Баравікоўшчыне жыў чалавек, які ўмеў ратаваць ад такой неспадзяванасці загаворам. Дзякуючы яму, дзіця засталося жыць.
Пасля вайны ў наваколлі развялося шмат ваўкоў. Хадзілі цэлымі зграямі дзень і ноч. Ваўкі выдзіралі падмуроўку ў хлявах і душылі авечак, заядалі коней, жарабят, ірвалі сабак. Часам гэтыя драпежнікі перабягалі дарогу, калі дзеці ішлі ў школу. Мы тады крычалі: “Туйга!” і беглі шукаць паратунку дадому.
Немагчыма ўявіць цяперашнім школьнікам, якія цяжкасці даводзілася пераадольваць вучням пасляваеннай пары. Чарніла рабілі з чырвоных буракоў, пісалі галінкамі малінніку, замест сшыткаў – шматкі паперы. Але як толькі скончылася вайна, становішча наладзілася. Літаральна за год адбудаваліся, прывялі ў парадак зямлю, нават ваўкоў знішчылі. У магазінах з’явіліся тавары, людзі прыадзеліся, абуліся. Памятаю, які ўзнёслы настрой панаваў, які высокамаральны дух быў сярод насельніцтва. Не разбураліся сем’і, не кідаліся дзеці, пра такую з’яву, як пазбаўленне бацькоўскіх правоў, і не чулі.
Сённяшняму жыццю можна толькі радавацца. Цаніце гэта, маладыя, і старайцеся, каб вашы сэрцы і рукі былі чыстымі, незаплямленымі, а розум – заўсёды цвярозы. Тады наша зямля будзе яшчэ больш багатай і квітнеючай, а людзі – шчаслівымі.

Данута ШАЎЛОЎСКАЯ,
жыхарка вёскі Янушкавічы, настаўніца-пенсіянерка Пяршайскай школы.
Фота Сяргея БОБРЫКА.



Добавить комментарий