“Мабільны паштальён”

Общество

Праект “Мабільны паштальён”, які РУП “Белпошта” запусціла год таму, стаў даступны і жыхарам Валожыншчыны. Першыя крокі ў асваенні новаўвядзення на практыцы робіць паштальён мотадастаўкі Вольга Уладзіміраўна СЯТЧАЕВА: навінку апрабоўваюць у населеных пунктах Суднікаўскай зоны.

 Сутнасць праекта ў тым, што гарадскія аддзяленні паштовай сувязі застаюцца ранейшымі, а ў сельскай мясцовасці – пераўтвараюцца. З улікам падзення аб’ёмаў аказваемых паслуг часы іх работы становяцца карацейшымі, таму прадастаўленне ўсяго, да чаго так прызвычаіліся людзі, кладзецца на плечы “мабільнага паштальёна”. Ён дазволіць максімальна прыблізіць паслугі да спажыўца, зрабіць іх больш даступнымі і зручнымі, павялічыць долю безнаяўных плацяжоў. Але самы істотны плюс для паштальёна – гэта аўтаматызацыя.

 “Мабільны паштальён” уяўляе сабой апарат – сучасны смартфон, які з дапамогай дадатку ў анлайн-рэжыме ажыццяўляе прыём усіх плацяжоў і паслуг, што прапаноўваюць на стацыянарным аб’екце паштовай сувязі. Паштальёну неабходна зрабіць усяго некалькі клікаў, каб прынятыя ад чалавека грошы адразу ж паступілі на рахунак. Такая паслуга асабліва актуальная для абслугоўвання жыхароў малых і аддаленых населеных пунктаў, дзе няма паштовай сувязі. Яшчэ адна перавага – разлічыцца можна як наяўнымі грашамі, так і з дапамогай банкаўскіх плацежных картак.

Як расказала В. У. Сятчаева, апарат просты ў выкарыстанні: ён невялікага памеру і зручна кладзецца ў руку. Зараджаецца, як і мабільны тэлефон. Ёсць адтуліна для банкаўскіх картак, якія счытваюцца і праз магнітную паласу, і бескантактна. Унутры закладзена чэкавая стужка, а таксама ўстаноўлены счытчык штрых-кодаў. Пры дапамозе мабільнага ўстройства можна здзейсніць усе аперацыі, што і ў будынку пошты: аформіць выплату пенсіі; падпісаць кліента на любое перыядычнае выданне, прычым каталог запраграмаваны прама ў АПК; аплаціць камунальныя плацяжы, паслугі інтэрнэта і мабільнай сувязі шляхам сістэмы “Разлік” у адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы (АРІП),  атрымаць грошы за здадзенае малако, набыць і заплаціць за тавары, што прадаюцца ў паштовым аддзяленні.

– Асвойвалі мы новы апарат на гарадскім аддзяленні сувязі-1 па інструкцыі. А ў сярэдзіне студзеня пачалі аказваць паслугі на практыцы. На маршруце ў Суднікаўскай зоне 51 населены пункт – выязджаем штодня, акрамя нядзелі і панядзелка. Трэба адзначыць, што вёсачкі прыкметна “маладзеюць” – шмат мінчан перасяляюцца сюды жыць і досыць актыўна карыстаюцца паштовымі паслугамі. Абслугоўваць людзей з “Мабільным паштальёнам” вельмі зручна: напрыклад, бабуля ў вёсцы хоча разлічыцца за камунальныя паслугі і не памятае свае паказанні за электрычнасць. У базе АПК усё адлюстравана – калі і за што аплачана. Гэтак жа хутка можна аплачваць тую ж мабільную сувязь і рабіць паштовыя пераводы: вось табе адразу на месцы і квітанцыя аб аплаце, і грошы на рахунак. Ці прыйшла на пошту пасылка з накладной платай для адрасата. Раней як было: тэлефануеш яму, паведамляеш аб пасылцы, а ён кажа, што няма наяўных грошай. Просіш пайсці і зняць грошы з карткі. Цяпер няма такой патрэбы. Таксама няма неабходнасці афармляць папяровыя дакументы і нават шукаць здачу кліенту, калі ён разлічваецца наяўнымі грашамі.

Як паведамілі на Валожынскім участку паштовай сувязі, да канца першага паўгоддзя мабільны тэрмінал займеюць усе 36 паштальёнаў.

Алена ЗАЛЕСКАЯ