Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

 

У канцы мінулага года значна ўмацавалася матэрыяльная база дзіцячых школ мастацтваў раёна. На грошы, выдаткаваныя з раённага бюджэту, былі набыты музычныя інструменты.

Пасля зімовых канікулаў выхаванцы школ маглі пазнаёміцца з навінкамі і карыстацца імі падчас урокаў. У Валожынскай ДШМ з’явіліся 2 гітары класічныя і 2 домры “малыя”, а таксама сучасны лічбавы баян “Роланд” (на ім магчыма выкарыстанне розных музычных спецэфектаў), цымбалы “Прыма”, скрыпка вучнёўская. У Івянецкай школе імя К. Паплаўскага – 2 новыя вучнёўскія акардэоны і 1 баян вучнёўскі “Эцюд”. Аналагічныя баяны папоўнілі спіс інструментаў у Вішнеўскай школе і Дорскім філіяле Івянецкай школы. Новыя інструменты ствараюць добры настрой у выхаванцаў і настаўнікаў.

У студзені за сродкі з раённага бюджэту зроблены частковы рамонт унутранай сістэмы ацяплення ў Яршэвіцкім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа. І цяпер ніякія маразы не палохаюць школьнікаў.

 28 студзеня адбыўся першы ў новым годзе выезд рабочай групы спецыялістаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў гарадскі пасёлак Івянец. З 10 да 14 гадзін у Польскім Доме праходзілі заняткі з выхаванцамі дзённага аддзялення для інвалідаў, якія жывуць у Івянцы і навакольных вёсках.

Прысутнічалі шэсць чалавек з сямі. Кіраўнік гуртка “Вернісаж” Ю. Гісіч праводзіла майстар-клас па вырабе святочных паштовак да Дня закаханых. Таксама выхаванцы размалёўвалі фігуркі жывёл, зробленых валожынскімі наведвальнікамі аддзялення ў гуртку “Зрабі сам”. Псіхолаг цэнтра А. Жданюк правяла карэкцыйныя заняткі з элементамі трэнінгу “Пасля доўгай разлукі”. Ноў-хаў гэтага прыезду ў Івянец стаў прывоз двух наведвальнікаў аддзялення: юнака-калясачніка з Валожына і дзяўчыны з Пяршаяў. Маладыя людзі пазнаёміліся з Івянецкімі выхаванцамі, знайшлі агульныя тэмы для гутаркі і заняткаў. Завяршыліся выязныя заняткі чаяпіццем.

У кінатэатры “Юнацтва” ў студзені адбылося 87 кінасеансаў, на вёсцы – 14. Было абслужана 1200 гледачоў розных узростаў. Сапраўдных аматараў кіно не спыняе каранавірус, тым больш, што ў кінатэатры захоўваюцца ўсе прадпісанні па бяспечным правядзенні сеансаў.

З упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама падпісаны дагаворы па кінавідэаабслугоўванні школ і дзіцячых садоў, таксама будуць дэманстравацца фільмы ў ліцэі і санаторыі “Налібоцкая пушча”. На бягучы год запланаваны 69 сеансаў у 13 аграгарадках раёна.

У раёне ў студзені зарэгістраваны 16 шлюбаў, 13 з іх непасрэдна ў аддзеле ЗАГС, 2 – у Ракаўскім сельвыканкаме і 1 – у Пяршайскім. За гэты час зарэгістраваны 33 нованароджаныя дзіцяці.

 У студзені 2019 года было 7 шлюбаў, у 2020 годзе – усяго 3. Дарэчы, 2 пары прымеркавалі свой шлюб да цікавай даты – 21.01.2021 года. 4 шлюбныя цырымоніі прайшлі ва ўрачыстай абстаноўцы з выкананнем усіх мер перасцярогі.

2 лютага ў раёне працавала здымачная група сталічнага тэлебачання, якая здымала сюжэты для праграмы “Міншчына”.

 Карэспандэнт і тэлеаператар пабывалі ў гімназіі № 1 і сярэдняй школе № 2, дзіцячым садку № 3 райцэнтра, у пакоі “Родам з СССР” у памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”, здымалі сюжэт, як жыхары райцэнтра выконваюць масачны рэжым.

 З 1 лютага ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пачаў працаваць новы гурток – “Фізкульт-ура!”.

 Кіраўнік гуртка Вера Каваленка займаецца рухальнай рэабілітацыяй і карэкцыяй выхаванцаў, далучае іх да пастаянных заняткаў фізкультурай.

 З 23 па 26 студзеня ў Магілёве праходзіў першы тур каманднага першынства Рэспублікі Беларусь па настольным тэнісе сярод юнакоў і дзяўчат 2010 года нараджэння і маладзейшых, у якім прынялі ўдзел 16 каманд.

 Аб’яднаная каманда ДЮСШ Валожынскага раёна і ДЮСШ “Дружба” Барысава, за якую выступалі Дзяніс Лугоўскі і Аляксей Самец (Валожын), Шэрвон Кіемідзінаў (Барысаў), заняла трэцяе месца. Рабяты прапусцілі наперад толькі каманды Мінска і Брэста.