На пытанні «Што? Дзе? Калі?» адказалі годна

Молодежный курьер

Традыцыйны турнір юных інтэлектуалаў “Што? Дзе? Калі?” прайшоў на базе РЦК. У сувязі з пандэміяй каранавіруса арганізатары (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённы камітэт БРСМ, раённае аб’яднанне прафсаюзаў) з мэтай змяншэння колькасці ўдзельнікаў  прынялі рашэнне замест адной сустрэчы правесці дзве – для школьнікаў і для моладзі, што працуе.

На гэты раз у спаборніцтвах за права называцца лепшымі прынялі ўдзел каманды Ракаўскай і трох гарадскіх школ. Крэатыўныя юнакі і дзяўчаты нават да пытання “Як называцца?” падышлі творча і прадставіліся наступным чынам: “10-ы раён” (СШ № 1), “Імпульс” (СШ № 2), “Юныя знатакі” (гімназія), “Прайд” (Ракаўская СШ).

Вядома, што падрыхтоўка пытанняў і заданняў для інтэлектуальных гульняў – справа няпростая. Кожны раўнд павінен заставіць знатакоў задумацца, штосьці ўспомніць, падключыць логіку.  Менавіта такі водгук у юных інтэлектуалаў выклікала гульня, дзе вядучай выступіла Ганна Канановіч. Неабходна адзначыць: ігракам па-сапраўднаму было цікава знаходзіць правільны адказ. Падчас абмеркавання кожнага задання ў фае ўстановы культуры ўсталёўвалася неверагодна эмацыянальная атмасфера – маладыя людзі спрачаліся, настойвалі на ўласных версіях, засмучаліся ў выпадку дапушчэння памылак і выказвалі радасць, калі, як кажуць, траплялі “ў дзясятку”.

Члены журы – старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Загорская (яна ж аказала дапамогу ў падборы конкурсных заданняў), першы сакратар РК БРСМ Уладзімір Ціханоўскі і загадчыца інфармацыйна-аналітычнага аддзела РЦК Святлана Журавец пільна сачылі за работай каманд. Тыя ж паводзілі сябе вельмі інтэлігентна (парушэнняў правіл гульні не дапускалі).

У цэлым турнір склаўся з дзвюх частак – “Інтэлектуальнага марафону” і “Марш-кідка”. Падчас марафону адбыліся тры раўнды, у кожным па 15, 10 і 9 пытанняў. У ходзе іх знатакам давялося паразважаць пра “ўсё аб усім”, успомніць знакамітых людзей і вядомыя турыстычныя аб’екты Валожыншчыны. Марш-кідок патрабаваў поўнага паглыблення ў зададзеную тэму (яўрэйскі гумар ці цытаты Альберта Эйнштэйна – на выбар)  і яскравага яе ўвасаблення.

У выніку з найбольшай колькасцю балаў – 38 – першае месца ў турніры заняла каманда сярэдняй школы № 1. Літаральна 4 балы аддзялілі ад пераможцаў канкурэнтаў з СШ № 2. Гімназісты і ракаўчане некалькі адсталі ад лідараў, аднак іх імкненне да перамогі таксама адзначылі і прысутныя, і суддзі.

Усе ўдзельнікі інтэлектуальнай гульні атрымалі памятныя дыпломы і падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. У бліжэйшы час падобны турнір плануецца правесці для маладзёжных каманд “Што? Дзе? Калі?”, што прадставяць працоўныя калектывы.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара