Кантакт – ёсць кантакт

COVID-19

Сродкі індывідуальнай аховы, КІЗ (кабінет інфікцыйных захворванняў), самаізаляцыя, чырвоная зона, каранцін, кантактная група… Вось так абагаціла лексікон беларусаў пандэмія каранавіруса, “завітаўшы” ў наша жыццё напачатку мінулага года. У лютым 2020 г. многія грамадзяне літаральна гатовы былі траціць прытомнасць перад невядомай навалай, а сёння прызвычаіліся да абставін, пачалі насіць маскі, вытрымліваць дыстанцыю. Хварэеем, папраўляемся.  На жаль, ёсць страты…

Панічны настрой паступова пакідае грамадства. Мы з надзеяй глядзім у будучыню, чакаем эфекту, што дасць вакцынацыя, а пры наяўнасці падазроных сімптомаў па-ранейшаму спадзяёмся на дапамогу людзей, пра якіх звычайна говораць – “у белых халатах”.  Улічваючы ўмовы, больш трапна прагучыць: “падобных да касманаўтаў”. Так, сёння гутарка пойдзе пра кантактныя групы, што непасрэдна працуюць з пацыентамі з COVID-19.

Загадчык паліклінікі Аляксандр Аляксандравіч Бурак асабіста аказаў садзейнічанне ў арганізацыі маёй сустрэчы з тымі, хто стукаецца ў дзверы людзей на каранціне ў зоне абслугоўвання райпаліклінікі (Валожын і прылеглыя вёскі). Кіраўнік прызнаўся, што яшчэ месяц таму падобная гутарка была б немагчыма. Колькасць захварэўшых няўмольна расла, і часу на размовы ў медыкаў не было. Зараз, калі назіраецца  тэндэнцыя да зніжэння лічбаў, зрабіць матэрыял стала рэальным. Таму  нядаўна ў актавай зале райпаліклінікі ў канцы працоўнага дня на мае пытанні адказалі ўрач-афтальмолаг Віялета Валер’еўна Рачко, урач-анколаг Павел Аляксандравіч Каралькоў, загадчык педыятрычнага аддзялення Наталля Валер’еўна Ажарэльева, медыцынская сястра дзённага стацыянара Ірына Уладзіміраўна Трухоўская, старшая медыцынская сястра рэгістратуры Наталля Пятроўна Мілеўская, памочнік урача Наталля Уладзіміраўна Бараноўская, медыцынская сястра хірургічнага кабінета Вераніка Аляксандраўна Тарасевіч.

Канешне, як і чакала, у напалавіну закрытых маскамі тварах я ўбачыла стому. Аднак  ні страху, ні разгубленасці не заўважыла. Было зразумела: перада мной людзі, што выконваюць свой абавязак і гавораць пра гэта без усякага пафасу.

Карэспандэнт: Паважаныя медыкі, па-першае, дазвольце мне асабіста ад сябе, сваіх родных, сяброў, калег выказаць вам падзяку за дапамогу – медыцынскую, псіхалагічную, чалавечую. Хварэла сама. Хварэлі муж і сын. Увесь перыяд, што каранавірус панаваў у нашай кватэры, штодня побач былі вы, спакойныя, сабраныя, уважлівыя. Скажыце, калі ласка, як менш чым за год вы змаглі так навучыцца працаваць у новых абставінах?

Павел Каралькоў: Адкажу досыць банальным, але выключна праўдзівым выразам – жыццё заставіла. Для медыцынскіх работнікаў гэта сітуацыя накшталт падводнай лодкі – выйсці, каб і хацеў, нельга. Да таго ж большасць з нас прафесію выбіралі свядома, таму лячылі, лечым і будзем лячыць людзей у любых умовах.

Віялета Рачко: Час, як вядома, не толькі лечыць, але і вучыць. За прайшоўшы перыяд медыцына зрабіла вялікі крок наперад у барацьбе з гэтым захворваннем. Так, непасрэдна ад каранавіруса лякарства пакуль няма, але, каб змагацца з сімптаматыкай, распрацаваны досыць эфектыўныя схемы. Безумоўна, існуе  мноства не высветленых пытанняў, аднак  вопыту ў прымяненні тых ці іншых сродкаў дастаткова для таго, каб даволі ўпэўнена ў адпаведных сітуацыях даваць адэкватныя рэкамендацыі.

Карэспандэнт: Калі даведаліся, што давядзецца працаваць у складзе кантактнай групы, адчулі хваляванне?

Наталля Бараноўская: Па праўдзе кажучы, страх адчувалі ўсе. Але ж у пэўнай ступені мы былі гатовыя. Кіраўніцтва бальніцы ладзіла вучобу, падчас якой многія моманты агаворваліся падрабязна. Вельмі складана было ўсвядоміць, што працаваць давядзецца ў касцюмах індывідуальнай аховы. Здавалася, немагчыма столькі часу пры любой тэмпературы паветра знаходзіцца ў ім. Але прывыклі…

Павел Каралькоў: Я ўпершыню выехаў 16 красавіка 2020 года. Што помню пра пачатак? Вельмі хваляваўся, каб не сутыкнуцца са складаным выпадкам ці істэрыкай.

Ірына Трухоўская: Звычайна хвалюемся ў дарозе, калі ж пераступаем парог кватэры ці дома, за якім чакаюць дапамогі, пра эмоцыі забываем.

Карэспандэнт: Скажыце, тых, хто ўваходзіць у склад групы, шмат?

Наталля Ажарэльева: Не вельмі. Усе, каго бачыце сёння, плюс раённы педыятр Ірына Аляксандраўна Юхноўская, урачы-гінеколагі Алена

Яўгеньеўна Шчуплова і Марыя Юр’еўна Афанасьева, урач-інтэрн Антон Уладзіміравіч Лушчыцкі. Вось і ўся група, з якой фарміруюцца некалькі брыгад.  Большасць з нас, асабліва ўрачы, не вызвалены ад асноўнай дзейнасці. Гэта значыць, што па “гарачых адрасах” едзем ці да прыёму, ці пасля.

Павел Каралькоў: Як толькі пачалася пандэмія, мы працавалі адной групай, што было нязручным. Зараз наша работа больш эфектыўная. Дзяленне на брыгады дазваляе аператыўна адпрацоўваць значную колькасць адрасоў, удзяліць увагу кожнаму. Палепшылася і матэрыяльна-тэхнічная база.

Вераніка Тарасевіч: Патрэбна адзначыць і станоўчыя змены ў рабоце  па афармленні дакументацыі. Калі раней даводзілася шмат пісаць ад рукі, то  апошнім часам у нашым распараджэнні неабходныя бланкі, пратаколы.

Наталля Бараноўская: Да ведама: нават пасля таго, як брыгада аб’едзе ўсіх хворых, мы не разыходзімся. Дапамагаем афармляць дакументы тым, хто не паспявае.

Карэспандэнт: А колькі ж прыпынкаў за дзень робіць адна брыгада?

Віялета Рачко: Па-рознаму. Вось  у студзені-лютым колькасць захварэўшых заўважна знізілася. У разгар (да Новага года) адпрацоўвалі па 250 адрасоў і больш. Гэта значыць, што адной брыгадзе даставалася і па 30 адрасоў.

Павел Каралькоў: Бывала і 36. Сёння ж мая брыгада адпрацавала 20 лістоў. Гэта ўжо прагрэс.

Карэспандэнт: Хачу задаць пытанне, якое цікавіць многіх. На колькі гадзін вы апранаеце ахоўны касцюм і як дамаўляецеся са сваім арганізмам, каб яму падчас работы нічога не хацелася?

Наталля Ажарэльева: Каб, напрыклад, папіць вады, неабходна з маршруту вярнуцца ў паліклінуку, зняць КІА, “размыцца”, затым апрануцца зноў. Безумоўна, так быць не можа. Таму настройваем сябе на цярпенне.

Вераніка Тарасевіч: Магчыма, гэта неверагодна, але, калі працуеш, нічога і не хочацца.

Карэспандэнт: Касцюмы вас добра абараняюць? Самі вы хварэлі?

Наталля Мілеўская: Хварэлі, але не ўсе. Камбінезоны ж мы носім на рабоце, а пасля яе ідзём дадому, наведваем магазіны. Не думаю, што захварэўшыя “падчапілі” каранавірус непасрэдна пры наведванні хворых. Многім яго прынеслі родныя.

Карэспандэнт: З якімі складанасцямі сутыкаецеся, аб’язджаючы захварэўшых?

Ірына Трухоўская: У першую чаргу –  адсутнасць нумароў на дамах і кватэрах. Таму да раённай газеты просьба. Нагадайце грамадзянам, каб абавязкова пранумаравалі сваё жыллё. Тыя, хто абыякава ставіцца да гэтага пытання, крадзе час у нас, а ў людзей  і  ў сябе – здароўе.

Карэспандэнт: У вас ёсць выхадныя?

Наталля Ажарэльева: Да снежня не было. Зараз у нядзелю адпачываем.

Карэспандэнт: Што дапамагае вам годна трымацца і працаваць у даволі складаных умовах?

Наталля Мілеўская: Родныя падтрымліваюць, адміністрацыя не пакідае сам-насам з праблемамі. Ды і пацыенты ў асноўнай масе добразычлівыя. Самі хварэюць, а нас шкадуюць. Удзячнасць выказваюць і берагчы сябе заклікаюць.

Карэспандэнт: Відавочна, у вас ёсць пэўныя парады валожынцам.

Наталля Ажарэльева: Галоўнае – не расслабляцца. Тое, што сёння колькасць захварэўшых зменшылася, ніколькі не нівеліруе небяспеку заразіцца і захварэць. У нас ёсць выпадкі паўторных заражэнняў. Таму маскі не здымаем, рукі апрацоўваем, кантакты не павялічваем, дыстанцыю вытрымліваем.

Павел Каралькоў: Я б хацеў прызваць людзей з-за каранавіруса не запускаць хранічныя захворванні і ўвогуле берагчы сябе, асабліва ад дэпрэсіўнага настрою, ён – вораг  выздараўлення.

Карэспандэнт: Напрыканцы нашай гутаркі яшчэ адно пытанне. Вы настолькі прывыклі да жыцця ў экстрэмальных умовах. Не дапускаеце думкі, што ў вас ці вашых калег могуць быць праблемы псіхалагічнага кшталту, калі ўсё скончыцца?

Віялета Рачко: Не выключаю такой магчымасці. Але, спадзяюся, справімся. Тым больш, што ў медыкаў і без каранавіруса нагрузкі хапае.

Павел Каралькоў: Вы не думайце, быццам мы нейкія героі з перадавой. Проста робім сваю работу.

Наталля Мілеўская: Магчыма гэта здзівіць кагосьці, але ў нашай сённяшняй дзейнасці, акрамя таго, што дапамагаем людзям, ёсць яшчэ адзін выключна станоўчы момант – мы, члены групы, сталі адзін для аднаго вельмі блізкімі, амаль роднымі.

Ірына Трухоўская: Ды і навучыліся многаму. Пандэмія – шыкоўны педагог па псіхалогіі! Толькі пераступім парог, адразу бачым па настроі пацыента, якімі тэмпамі будзе ісці выздараўленне.

Наталля Бараноўская: Хто трымае сябе ў руках, выконвае ўсе нашы парады, своечасова звяртае ўвагу на пагаршэнне стану і не ўтойвае гэтага, мае больш шанцаў на хуткае развітанне з вірусам.

Наталля Ажарэльева: Раённай прэсе, дарэчы, за ўвагу дзякуй. Вашы публікацыі – сапраўдная падтрымка для нас.

Вераніка Тарасевіч: Цяжкавата б жылося медыкам і без дапамогі валанцёраў.  Паверце, мы цэнім вашы намаганні.

Карэспандэнт: Поспеху і ўдачы вам, дарагія ўрачы і медыцынскія сёстры. Вы таксама беражыце сябе, на вас усе спадзяванні валожынцаў у вайне, якую нам абвясціў COVID-19.

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара