Мяцеліца і снежныя заносы чакаюцца ў Беларусі на гэтым тыдні

Кругозор

Мяцеліца і снежныя заносы чакаюцца ў Беларусі на гэтым тыдні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

«На гэтым тыдні чакаюцца складаныя ўмовы надвор’я. Актыўныя франтальныя раздзелы ўжо сёння, 8 лютага, прынясуць у паўднёва-заходнія раёны нашай краіны пагаршэнне надвор’я: чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с, моцны снег, мяцеліца, на дарогах снежныя заносы. У аўторак, 9 лютага, уплыў актыўных франтальных раздзедаў распаўсюдзіцца на большую частку тэрыторыі Беларусі. Пасля невялікага перапынку ў сераду, 10 лютага, у другой палавіне тыдня надвор’е зноў сапсуецца», — расказалі ў Белгідрамеце.

Сіноптыкі рэкамендуюць звяртаць увагу на тое, што вецер аказвае значны ўплыў на адчуваемую тэмпературу паветра. «Так, 10 градусаў марозу пры скорасці ветру 11-15 м/с адчуваецца, як мінус 21-22. Улічвайце гэта, адпраўляючыся на вуліцу», — раяць яны.

У аўторак, 9 лютага, на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдзе снег, ноччу і раніцай у многіх раёнах, днём па ўсходзе моцны снег. На большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца мяцеліца, на дарогах снежныя заносы. На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Вецер прагназуецца ўсходні парывісты, ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі краіны, днём па паўночным усходзе моцны парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе 9-15 градусаў марозу, па паўночным усходзе пры праясненнях — мінус 16-19. Днём будзе 6-11 градусаў ніжэй за нуль.

У сераду, 10 лютага, ноччу на большай частцы тэрыторыі Беларусі, днём месцамі па краіне пройдзе кароткачасовы снег, слабая мяцеліца. На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе 12-18 градусаў марозу, пры праясненнях — да мінус 20. Днём будзе 8-15 градусаў ніжэй за нуль.

У чацвер, 11 лютага, у начныя гадзіны пераважна па паўднёвым захадзе, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, днём месцамі чакаецца моцны снег, мяцеліца, снежныя заносы. На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе 11-18 градусаў марозу, месцамі — мінус 19-22. Днём будзе 8-14 градусаў ніжэй за нуль, па паўднёвым усходзе — мінус 5-7.

У пятніцу, 12 лютага, пройдзе працяглы снег, ноччу пераважна па паўднёвым усходзе Беларусі, днём месцамі чакаецца моцны снег. На большай частцы тэрыторыі краіны прагназуецца мяцеліца, узмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с, на дарогах снежныя заносы. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе 10-17 градусаў марозу, па паўднёвым усходзе — мінус 6-9.