Фінальныя штрыхі падрыхтоўкі да Усебеларускага народнага сходу абмеркавалі на нарадзе ў Лукашэнкі

VI Усебеларускі народны сход

Напярэдадні VI Усебеларускага народнага сходу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў заключную нараду па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Хоць работы яшчэ наперадзе нямала, і гэта работа будзе звязана не толькі з выступленнямі, заключэннямі, рэзалюцыямі Усебеларускага народнага сходу, але і з матэрыяламі даклада Прэзідэнта, яго выступлення на гэтым сходзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў пра сацыялагічныя даследаванні, якія праводзіліся ў Беларусі на працягу апошняга месяца ў два этапы. У іх прынялі ўдзел амаль 10 тыс. чалавек. «Гэта, можна сказаць, глыбокае вывучэнне настрояў у нашым грамадстве. Гэта ў 10 разоў больш, чым звычайна сацыёлагі даследуюць па тых ці іншых пытаннях групы людзей», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Першы этап — мы ўзялі практычна чыста гарадское насельніцтва. Прадпрыемствы былі даследаваны сярэдняга ўзроўню (па настроях). Гэта значыць, не самыя адданыя ўладзе, але і не самыя апазіцыйныя — узялі сярэдзіну, — расказаў Прэзідэнт. — Другі этап — у апошні тыдзень пасля майго звароту да людзей, каб яны адказалі на пытанні. І там мы даследавалі ўсё насельніцтва, пачынаючы ад вёсак і заканчваючы горадам Мінскам».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяпер вынікі абагульняюцца. «Асабліва для мяне гэта было вельмі важна. Таму што выступаць на Усебеларускім народным сходзе, планаваць нешта, не ведаючы глыбінных настрояў у грамадстве, гэта вельмі складана. Таму было праведзена вывучэнне настрояў нашых людзей», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што аб’ектыўнасць даследаванняў самая высокая. У правядзенні сацапытанняў былі задзейнічаны замежныя сацыялагічныя службы. «Яны будуць, перш за ўсё, падводзіць вынікі. І нашы працавалі — і дзяржаўныя, і прыватныя сацыялагічныя арганізацыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы асобна выказаў словы ўдзячнасці ў адрас людзей, якія прымалі ўдзел у апытаннях у якасці рэспандэнтаў, і нагадаў, што даследаванне праводзілася на ўмовах поўнай ананімнасці. «Я вельмі ўдзячны людзям за тое, што яны прынялі ўдзел у гэтым даследаванні. Гэта будзе мець вялікае значэнне для выпрацоўкі будучых праграм і будучага руху нашай краіны ў тым ці іншым напрамку», — падкрэсліў беларускі лідар.