Рукадзельніца з Дубіны

Культура Люди и судьбы

Яна даўно душой і сэрцам прыкіпела да мясцовасці з цікавай гісторыяй і каларытнымі фальклорнымі набыткамі, таму шчыра сцвярджае: “Дубінская я!” Вырасла ж Ганна Яўгеньеўна ЖАГУНЬ на Брэстчыне. Дзяцінства правяла ў Ляхавіцкім раёне, дзе выхаваннем унучкі займаліся ў асноўным дзядуля і бабуля.

Простыя сяляне мелі схільнасць да творчасці. Дзядуля вельмі любіў прыроду, таму і малую Ганначку прывучаў цаніць прыгажосць і эстэтыку кожнай галінкі. А яшчэ пажылы чалавек уласнымі рукамі мог змайстраваць з  расліннага матэрыялу любыя карысныя рэчы. Калі вёў дзяўчынку збіраць ягады, наўмысна не браў з сабой ніякага посуду, а ўжо на месцы з пруткоў ці кары (абавязкова з нежывых дрэў!) разам з ёй майстраваў кошычак.

Бабуля займалася вышываннем і ткацтвам. На жаль, у працэсе стварэння палатна юнай Ганне паўдзельнічаць не давялося (ткацкі станок у яе час ужо не выкарыстоўваўся), а вось майстэрства вышыўкі яна засвоіла не горш за вопытную сваячку, якая шчодра дзялілася сваімі ўменнямі. Хоць Ганна Яўгеньеўна мае мноства ўласных работ, дагэтуль захоўвае сямейныя рэліквіі – посцілкі і ручнікі. Часта з задавальненнем прадастаўляе бабуліну спадчыну для афармлення святочнай прасторы падчас культурных мерапрыемстваў, што даволі часта ладзяцца ў Дубіне.

Яшчэ ў пачатковых класах школы дзяўчынка праявіла сябе актывісткай, арганізатарам, сапраўдным лідарам, таму настаўнікі ў адзін голас запэўнілі бацькоў: “Вашай дачушцы трэба ў педагогі!” Яна зусім не была супраць. Вучоба ў Нясвіжскім педвучылішчы толькі пацвердзіла правільнасць прафесійнага выбару. Удалым аказалася і першае працоўнае месца.

У Дубінскую школу на абавязковую адпрацоўку ўладальніца дыплома настаўніка пачатковых класаў прыехала разам з мужам. Маладыя людзі вырашылі: “Адбудзем належны тэрмін і накіруемся на радзіму”. Але ж, як кажуць, чалавек мяркуе, а Бог планы яго тасуе. І адміністрацыя школы, і  кіраўніцтва гаспадаркі, куды ўладкаваўся Валерый Тадэвушавіч, стварылі настолькі спрыяльныя ўмовы для маладой сям’і, што з’язджаць кудысьці ім не захацелася ні праз год, ні праз два, ні праз 30…

Дубіна ўразіла юную жанчыну дабрынёй і самаіроніяй яе жыхароў. Ёй было так смешна ад неверагодных баек, якія вяскоўцы распаўсюджвалі самі пра сябе. Яна адразу зразумела: гумар – гэта такі флёр, што дапамагае ім цудоўным чынам радавацца жыццю кожную хвіліну, незважаючы ні на якія цяжкасці.

Больш за 30 гадоў аддадзены Ганнай Яўгеньеўнай Дубінской школе. Ужо падчас работы ў калектыве яна атрымала вышэйшую адукацыю па сваёй жа спецыяльнасці. Пазней адсутнасць у калектыве дыпламаванага педагога-дэфектолага натхніла настаўніцу на другі заход у інстытут імя Максіма Танка.

Нягледзячы на занятасць на рабоце і двух дзяцей, а зараз ужо і чацвярых унукаў, яна ніколі не губляла навыкі, што атрымала ў дзяцінстве ад дзядулі і бабулі, вучыла гэтаму і сваіх выхаванцаў. Выраз “Па жыцці з творчасцю” стаў своеасаблівым дэвізам.

Пасля таго, як мясцовая школа далучылася да Гародзькаўскай, некалькі гадоў ездзіла на працу туды. Нечакана атрымала прапанову ад загадчыцы Дубінскога цэнтра культуры Марыны Чабай: наладзіць гуртковую работу ва ўстанове культуры. Ідэя падалася Ганне прывабнай, і сёння яна, як і большасць культработнікаў, “швец, жнец, на дудзе ігрэц”. Шмат займаецца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. На выставах можна бачыць і яе работы, і творы выхаванцаў. Дзеці з радасцю спасцігаюць уменні, што не толькі развіваюць дробную маторыку пальцаў, але абуджаюць фантазію, натхняюць бачыць незвычайнае ў звычайным.

Знакаміты калектыў “Дубінскія фанабэры” таксама не абыходзіцца без Ганны Жагунь. Тут яна і артыстка, і рэквізітар, нават аўтар гімна вёскі. “У валожынскім краі ёсць вёска адна, дзе гумар і жарты – з цямна да цямна” – менавіта з гэтых радкоў пачынаецца кожнае выступленне каманды дубінскіх гумарыстаў.

Муж Валерый заўсёды і ва ўсім падтрымлівае каханую жонку. Хоць сам працуе ў сельгасвытворчасці, аднак напрыканцы года знаходзіць час, каб дапамагчы клубным работніцам выступіць у галоўнай ролі падчас навагодніх мерапрыемстваў. Яго другая палавіна нават упэўнена: быць Дзедам Марозам – сапраўднае прызванне любімага чалавека.

У апошні месяц мінулага года ў Валожыне адбылася першая персанальная выстава творчых работ Ганны Жагунь. Большасць экспанатаў, што прадстаўляліся на ёй, маюць не толькі эстэтычнае, але і практычнае значэнне. Выкананыя з рознакаляровых стужак заколкі, гумкі, павязкі, сёння радуюць не толькі любімую ўнучачку самадзейнай мастачкі, іх з радасцю набываюць многія матулі і бабулі для сваіх гадаванак.

Гэта жанчына выклікае ўражанне спакойнай задаволенасці ўласным жыццём. Яна не бярэцца за тое, чаго не ўмее, а вось  таленты, у якіх упэўнена, рэалізуе ў поўнай ступені. Прызнаецца, што вершы ў яе не выходзяць, а вось прыпеўкі для фанабэраў атрымліваюцца такімі, як патрабуе творчая канцэпцыя калектыву, – вострымі, актуальнымі, ну і, зразумела, смешнымі. Не бярэцца і за фарбы, а рэчы, што можна зрабіць з нітак, тканіны ці матэрыялаў, якія шчодра прадастаўляе сама матухна-прырода, вырабляе натхнёна. Апантаная яна і вырошчваннем кветак, іх безліч на яе прысядзібным участку і ў доме. Сям’я, работа, творчасць…  Для ўсяго ў яе ёсць час, ва ўсім пануе гармонія.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ