Традыцыйна ва ўсіх паляўнічых угоддзях рэспублікі праводзіцца зімовы ўлік дзікіх жывёл. Дзякуючы вялікаму снежнаму покрыву, сёлета правесці яго можна больш дасканала, выкарыстоўваючы маршрутныя ўлікі.
У маршрутным уліку дзікіх насельнікаў на тэрыторыі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі” прымалі ўдзел, акрамя штатных работнікаў, 7 супрацоўнікаў Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па біярэсурсах. На гэта ім спатрэбілася каля трох дзён.
Лепшым школьнікам раёна па-ранейшаму за гонар атрымаць пуцёўку ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. Вось і ў лютым адразу некалькі школьнікаў пачалі вучобу ў гэтым цэнтры.
3 лютага на змену “Маладзёжны бум” адправіліся тры васьмікласніцы Ракаўскай сярэдняй школы. Кацярына Вяршыцкая, Юлія Мякіннік і Кацярына Свірыдава актыўныя ўдзельніцы школьнай бізнес-кампаніі. А вучаніца 7 класа сярэдняй школы № 1 райцэнтра Марыя Гаспарэвіч з 4 лютага папраўляе здароўе ў санаторна-аздараўленчым атрадзе, які таксама ёсць у “Зубраняці”.
Для зручнай работы гуртка па камп’ютарнай адукаванасці і паліграфіі ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва была заказана спецыяльная мэбля на прадпрыемстве “Мэбля Леў” у Валожыне.
Заказ быў выкананы хутка, і тумба пад прынтар, стол, тумбы для папер дастаўлены ў аддзяленне.
Сапраўдная зіма з вялікім снежным покрывам стала нечаканасцю не толькі для людзей. Асабліва ад гэтага церпяць жывёлы і птушкі. Вешаць кармушкі і цешыць вока, калі птушкі прылятаюць харчавацца, назіраць за іх паводзінамі, мы яшчэ не развучыліся. А вось у дашкольных установах раёна аб’яўлена акцыя ў дапамогу птушкам. У выхаваўчым працэсе яна займае пэўнае месца, бо вучыць дабрыні, клопату аб сябрах нашых меншых.
У дзіцячым садку № 6 “Вясёлы вулей” вырабілі і развесілі па тэрыторыі каля 10 кармушак, а дзеці разам з выхавальнікамі старанна сочаць, каб яны заўсёды былі напоўнены кормам. Выхавальнік дашкольнай адукацыі Вольга Уладзіміраўна Зянюк правяла майстар-клас па вырабе кармушкі і размясціла яго ў сацыяльных сетках. У гэтай установе створана скарбонка загадак пра птушак, прайшла выстава дзіцячых малюнкаў “Птушкі на галінцы”. А яшчэ тут распрацавалі і выдалі спецыяльны буклет, як дапамагчы птушкам зімой. У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Расінка” выхаванцы старэйшай групы “Пчолкі” актыўна ўдзельнічалі ў вырабе кармушак сваімі рукамі з пластыкавых бутэлек і ўпаковак з-пад сокаў. Некаторыя разам з бацькамі вырабілі больш даўгавечныя і практычныя драўляныя кармушкі. Устаноўлены дзяжурствы ля птушыных сталовак, развешаных на ўчастках, замацаваных за групамі. Выхаванцы добра ведаюць, што павінна ўваходзіць у меню, а што нельга даваць птушкам.
З 2 лютага па 11 сакавіка праводзіцца анлайн навучальны курс “Стоп гвалтаванне!”. Ініцыятарам яго правядзення стала Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”.
Да 18 лютага па аўторках і чацвяргах у занятках удзельнічаюць дзве выхаванкі нашага аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў – Алена Кароль і Ларыса Радзівіла. Тэмы разглядаюцца наступныя: хто такія гвалтаўнікі, якія бываюць віды гвалтавання, куды звяртацца ў выпадку згвалтавання і іншыя. Пасля навучання дзяўчат аналагічны курс будзе праводзіцца для мужчынскай часткі прадстаўнікоў аддзялення.
У першынстве раёна па шахматах сярод юнакоў і дзяўчат 2007-2008 гадоў нараджэння прынялі ўдзел 14 каманд устаноў адукацыі.
Дзіўна, але на гэты раз сярод пераможцаў няма прадстаўнікоў гарадскіх школ. Першае месца заняла каманда Багданаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа, другое і трэцяе – прадстаўнікі Ракаўскай СШ і Пугачоўскага ВПК.
У рамках праграмы “Здароўе” ў мясцовым сельскагаспадарчым прафесіянальным ліцэі прайшлі спаборніцтвы “Лыжня паклікала”. На старт разам с навучэнцамі выйшлі і педагагічныя работнікі.
А 28-29 студзеня ў г. п. Смілавічы прайшлі абласныя спаборніцтвы па зімовым шматбор’і “Здароўе”. У іх прымала ўдзел каманда ліцэя ў саставе 10 чалавек.