Работы хапае. Патрэбна толькі жаданне працаваць

Общество

На 1 лютага ў аддзеле занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама зарэгістраваны 15 беспрацоўных. Гэта людзі, якія маюць права на сацыяльныя гарантыі, што прадастаўляюцца дзяржавай: на дапамогу па беспрацоўі, матэрыяльную дапамогу, стыпендыю падчас навучання. З пачатку года за садзейнічаннем у працаўладкаванні звярнуліся 17 чалавек, 12 з іх займелі работу. Пры гэтым у арганізацыях і на прадпрыемствах раёна маецца 160 вакансій: 73 – у горадзе, 87 – на вёсцы. Узровень беспрацоўя складае 0,11 працэнта.

Самымі запатрабаванымі на рынку працы па-ранейшаму застаюцца рабочыя прафесіі. Так, на ААТ “Валожынскі льнокамбінат” патрабуюцца загрузчыкі сыравіны. Шмат свабодных месцаў у РУП “Валожынскі жылкамунгас”: тут чакаюць дарожных рабочых, прыбіральшчыкаў тэрыторый, азеляняльнікаў, сантэхнікаў.

У аграрным сектары не хапае трактарыстаў, а вось даярак і жывёлаводаў дастаткова. І трэба адзначыць, што пры старанні ў сельскай гаспадарцы сёння ёсць магчымасць зарабіць добрыя грошы – усё залежыць ад працы чалавека, яго асабістага ўкладу ў агульную справу.

У медыцынскай і ветэрынарнай галінах ёсць патрэба ў спецыялістах з вышэйшай медыцынскай адукацыяй: у райбальніцы не хапае ўрачоў, а ў райветстанцыі застаюцца вакантнымі некалькі ставак ветэрынарных урачоў.

Вялікая ўвага ў апошні час надаецца працаўладкаванню інвалідаў. У раёне зарэгістраваны 376 чалавек, якія маюць 3-ю групу інваліднасці і могуць працаваць. 184 з іх знайшлі рабочае месца. Многія шукаюць для сябе занятак, аднак стан здароўя не заўсёды дазваляе пайсці туды, куды хацелася б. Работа такой катэгорыі насельніцтва прадастаўляецца толькі па тых рэкамендацыях, якія прапісаны ў індывідуальнай праграме рэабілітацыі.

Як і раней, беспрацоўныя грамадзяне пры дапамозе фінансавай падтрымкі дзяржавы могуць распачаць уласную справу. Вучыцца на прыватных прадпрымальнікаў сёлета ўжо паехалі 2 чалавекі: дарэчы, навучанне праводзіцца таксама бясплатна.

Алена ЗАЛЕСКАЯ