Пастаўкі ў Кітай

Аграрный сектор и промышленность

На Валожынскім вытворчым участку ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” у гэтыя дні адбываецца адгрузка сухога абястлушчанага малака і сухой малочнай сыроваткі ў Кітай. За тыдзень прыкладна пастаўляецца каля 200 тон прадукцыі.

На прадпрыемстве паведамілі, што супрацоўніцтва з краінай працягваецца другі год. Выйсці на рынак Усходняй Азіі дапамаглі ўрадавыя дэлегацыі: у прыватнасці, кітайскія прадстаўнікі прыязджалі да нас на масласырзавод – знаёміліся з узорамі прадукцыі, вывучалі тэхналогію вытворчасці, дэгуставалі, наладжвалі дзелавыя кантакты ў рамках сумеснага праекта “Адзін пояс – адзін шлях”.

Спачатку “дабро” на закупку дала адна кампанія, на сённяшні дзень сумесная дзейнасць арганізавана ўжо з трыма. Пачыналі з сухой малочнай сыроваткі, якой летась паставілі каля трох тысяч тон. Сёлета далі згоду і на сухое абястлушчанае малако – заключылі кантракт на адну тысячу тон. Адгрузка за мяжу адбываецца праз марскія порты ў Клайпедзе, а таксама праз чыгунку.

Як бачна, валожынская прадукцыя станоўча зарэкамендавала сябе: як і на айчынным рынку, так і за акіянам яна выкарыстоўваецца ў харчовай прамысловасці – для выпуску малочнай прадукцыі, кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў.

Нягледзячы на складаную эканамічную сітуацыю ва ўсім свеце, масласырзавод працуе круглыя суткі: ёсць і сыравіна, і збыт. Акрамя сухіх малочных прадуктаў, тут па-ранейшаму вырабляюць цвёрдыя сыры і сметанковае масла. Асноўным прадуктам для вытворчасці з’яўляецца малако: за суткі яго пастаўляецца каля 350 тон, плюс 240 тон абястлушчанага малака і 140 тон сыроваткі. Акрамя нашага раёна, пастаўшчыкамі з’яўляюцца Маладзечанскі, Вілейскі, Мядзельскі, Смалявіцкі, Лагойскі, Мінскі і Смаргонскі.