Дзяцінства, абпаленае вайной

Культура

Акурат у той дзень, калі пачалася вайна, я з напарнікам пасвіў на полі каля ракі Проня калгасных цялят. Мы здзіўляліся колькасці самалётаў, якія праляталі над нашымі галовамі з захаду на ўсход. А праз два дні ў памяшканні праўлення калгаса мужчын нашай вёскі Бярозаўка Слаўгарадскага раёна, што на Магілёўшчыне, праводзілі на фронт. Сабраліся амаль усе жыхары, прыйшла і наша сям’я: бацькі і мы, пяцёра дзяцей, самаму старэйшаму было тады чатырнаццаць, а малодшаму – два. Гэта мерапрыемства хутчэй нагадвала пахаванне: усе плакалі, быццам прадчувалі, што развітваюцца назаўсёды. Так яно потым і здарылася: дадому вярнуліся адзінкі. Загінуў на вайне і мой бацька.
Праз нашу вёску на працягу пяці дзён рухаліся нямецкія войскі – на аўтамабілях, матацыклах, у драбінах, запрэжаных цяжкавозамі. Такіх вялікіх коней мы ніколі дагэтуль не бачылі. Але асабліва нас уразіла тое, што ў немцаў былі карты і падрабязныя планы мясцовасці, на якіх абазначаны не толькі вёскі, вуліцы, дарогі, грамадскія будынкі, а і нават калодзежы. Захопнікі распусцілі мясцовы калгас, разрабавалі яго маёмасць, забралі коней, кароў, цялят, свіней, авечак. Прадукты харчавання забіралі і ў вяскоўцаў, хто супраціўляўся, білі і нават забівалі. Так была забіта жанчына, якая прагнала з двара курэй, калі немец іх лавіў.
Нямецкі гарнізон у нашай вёсцы не размясціўся, затое прыхільнікі “новага парадку” прызначылі тут бургамістра, старасту і некалькі паліцэйскіх, якія павінны былі кантраляваць пастаўку насельніцтвам хлеба і іншых прадуктаў для Германіі, арганізоўваць людзей на лесанарыхтоўкі і адпраўляць на прымусовыя работы ў Нямеччыну. Туды разам з іншымі трапіла і мая стрыечная сястра.
Зімой 1941-1942 гг. у вёску прыбыў партызанскі атрад “Трынаццаць” пад камандаваннем С. В. Грышына. У нашай хаце некаторы час жылі пяцёра партызан. Маці гатавала ім ежу. Партызаны пастаянна хадзілі на баявыя заданні: падрывалі чыгунку ў напрамку Магілёў-Крычаў, знішчалі нямецкія гарнізоны на чыгуначных станцыях Чавусы, Верамейкі, удзельнічалі ў вызваленні гэтых гарадоў.
Памятаю, як, вярнуўшыся пасля адной з баявых аперацый, партызан, што кватараваў у нашым доме, прынёс і падарыў мне бацінкі. Гэта быў мой першы фабрычны абутак.
Як і тысячам маіх равеснікаў, якія жылі на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі, мне давялося паспытаць увесь цяжар вайны, прыніжэнне і пастаянны страх за жыццё сваё і блізкіх людзей. Гэта былі не толькі гады выпрабаванняў, але і духоўнага станаўлення. Мы хутка сталелі, станавіліся дарослымі, мужнымі і адказнымі. Адчувалі пастаянны голад, недахоп адзення і абутку, шмат працавалі. Трэба было клапаціцца пра малодшых сясцёр і брата, даглядаць скаціну, нарыхтоўваць на зіму паліва і сена, працаваць на агародзе і ў полі. Фактычна дзяцінства ў нас не было. У канцы верасня 1943 года вёску, як і значную частку Усходняй Беларусі, вызваліла Чырвоная Армія. Але фронт заставаўся на берагах ракі Проня. Праз вёску некалькі месяцаў праходзіла перадавая лінія. Жылі ва ўмовах пастаяннай страляніны і шматгадзіннай кананады. Тады я і пачуў, як “спяваюць” кацюшы.
У нашым двары размясцілася салдацкая кухня. Аднойчы ў час абеду ў яе трапіў фашысцкі снарад. Тады загінулі шасцёра салдат. Іх пахавалі ў агульнай магіле каля нашай сядзібы. Як я пазней даведаўся з літаратуры, баі на рацэ Проня прадаўжаліся амаль дзевяць месяцаў. Нашы войскі сем разоў беспаспяхова імкнуліся прарваць абарону немцаў. Некаторыя вёскі па шмат разоў пераходзілі з рук у рукі. У пачатку вясны 1944-га перадавая лінія фронту перамясцілася на некалькі кіламетраў на захад ад нашай вёскі. У сакавіку, калі снег пачаў таяць, трупы загінуўшых чырвонаармейцаў сталі звозіць з берагоў ракі ў брацкія магілы. Гэту жудасную карціну давялося бачыць і нам, дзецям.
Восенню з-за баявых дзеянняў мы не паспелі ўбраць вырашчаны ўраджай, таму вясной, калі есці ўжо зусім не было чаго, мы хадзілі ў агарод і на поле, выкопвалі там буракі, бульбу, моркву, зразалі капусту. Аднак многія палі яшчэ былі замініраваны. Незнарок наступіўшы на міну, я быў цяжка паранены. Першую медыцынскую дапамогу мне аказалі ў ваенным шпіталі, а потым лячыўся ў Бранску. Некаторы час пасля лячэння жыў у Бранскім дзіцячым доме. Там і сустрэў доўгачаканы Дзень Перамогі 9 мая – дзень усеагульнай урачыстасці.

Мікалай КАРНЕЕЎ,
заслужаны работнік культуры БССР, жыхар г. п. Івянец.
Фота Сяргея САДОЎСКАГА.



Добавить комментарий