На поўную магутнасць

Аграрный сектор и промышленность

 

 

Чацвёрты месяц ААТ “Валожынскі льнокамбінат” працуе на поўную магутнасць. Работы вядуцца ў тры змены, на вытворчасці штодзень заняты каля 50 чалавек.

Апошнія два гады льнаводы атрымліваюць добры ўраджай ільну. Каб перапрацаваць усю льнотрасту, на прадпрыемстве арганізавалі трэцюю змену. Спраўляцца сваімі сіламі стала складана, таму на дапамогу запрасілі рабочых са Століна. Чамусьці валожынцы не спяшаюцца ўладкоўвацца сюды на работу. Безумоўна, працаваць тут нялёгка, аднак той, хто сумленна адносіццаа да сваіх абавязкаў і стараецца, абавязкова ўбачыць плён.

 

Як расказаў дырэктар ільнокамбіната Аляксандр Мікалаевіч Барада, за студзень перапрацавалі 336 тон трасты і атрымалі 90 тон ільновалакна. Прадукцыя пастаўляецца на Аршанскі льнокамбінат і Гродзенскі завод “Гранітэкс”, які займаецца вырабам пражы, у тым ліку льнянога катанізаванага валакна.

У кругласутачным рэжыме працуе і цэх па вытворчасці льнянога алею. Асноўным заказчыкам гэтага карыснага прадукту з’яўляецца ТАА “Еўрагандаль”. І трэба адзначыць, што пастаўкі не толькі не прыпыніліся, а, наадварот, павялічыліся на 35-40 працэнтаў. Адгрузка вядзецца па меры паступлення заявак.

У зімовы час хапае клопатаў і механізатарам. Па словах кіраўніка, ужо практычна адрамантавана ўся тэхніка для перадпасяўной апрацоўкі глебы. Зараз узяліся за наладжванне пасяўных агрэгатаў: запаснымі часткамі, якія пастаўляюцца па лініі Мінаблаграсэрвісу з Міханавічаў, забяспечаны ў поўным аб’ёме.

Алена ЗАЛЕСКАЯ