Выстава традыцыйнага мастацтва

Культура

У памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” праходзіць справаздачная выстава “З хобі па жыцці”, дзе прадстаўлены шматлікія работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва членаў аб’яднання.

Экспазіцыя дае магчымасць пазнаёміцца з такімі відамі традыцыйнага мастацтва, як лоза- і саломапляценне, выцінанка, вышыўка, вязанне шыдэлкам, ткацтва і інш. Беражлівае стаўленне да спадчыны, самабытнасць роднага краю, цяпло працавітых рук – усё гэта адлюстравалі ў сваіх творах майстры Валожыншчыны.

Для жадаючых паспрабаваць сябе ў справе ткацтва тут выстаўлены кросны. Супрацоўнікі з задавальненнем раскажуць пра гэты станок, пакажуць, як на ім працаваць, а затым у наведвальнікаў ёсць магчымасць і самім выканаць нейкія аперацыі. Гэта дазваляе лепш зразумець, што цяперашнія захапленні раней былі неад’емнай часткай жыцця нашых продкаў.

Тэкст і фота Анжэлы РАДЫНА