Адкуль такая чэрствасць?

Люди и судьбы

З бабуляй Марыяй мне давялося пазнаёміцца, калі ляжала ў бальніцы. Худзенькая, гаваркая, з добрымі вачамі 88-гадовая жанчына не ў першы раз трапіла ў медыцынскую ўстанову з прыступам страўнікавай болі. Лячэнне ўжо падыходзіла да завяршэння, калі я стала сведкай жорсткасці ў дачыненні да сваёй састарэлай маці.

Марыя Ягораўна нарадзіла і выхавала траіх дзяцей. Сын Антон і дзве дачкі Таццяна і Вера жылі ў сталіцы непадалёк адзін ад другога. Між сабой яны не вельмі ладзілі, але і не варагавалі. Бывала, па чарзе забіралі зімой пагасцяваць да сябе, а бывала, і не. Тая не крыўдзілася ні на каго, старалася сама спраўляцца са сваімі праблемамі. Перажывала толькі аб адным: калі зробіцца чарговы прыступ, каб “скорая” змагла даехаць у далёкую вёску на ўскраіне раёна.

На гэты раз у бальніцы бабуля праляжала доўга. Трэба аддаць належнае, дзеці прыязджалі некалькі разоў наведаць яе. Прывозілі пачастункі, неабходныя гігіенічныя рэчы, чыстае адзенне.

А калі ўрач абвясціла дзень выпіскі, пачалася гэта непрывабная гісторыя. Тры дні Марыя Ягораўна званіла сваім крывінкам, каб вызначыць: хто яе зможа забраць з бальніцы. Тыя ж не маглі дагаварыцца і даць адназначны адказ. Таццяна і Антон вырашылі, што цяпер чарга Веры аддаваць даччыны доўг, паколькі незадоўга да бальніцы яна гасцявала ў сына, а крыху раней у старэйшай дачкі. Вера ж прасіла маці, каб тая звярнулася пакуль да каго-небудзь так, бо яе муж супраць прыезду цешчы, а праз пару тыдняў, калі той паедзе на працу за мяжу, яна з ахвотай возьме маці. Была ў яе і іншая прапанова: “Апісвай свой дом на мяне ці майго сына, і я адразу цябе забіраю і даглядаю да самай смерці, і астатнія могуць больш не турбавацца”. Таццяна і Антон не саступалі. Тады Вера вырашыла праблему наступным чынам: яна паедзе ў вёску за дзень да выпіскі, пратопіць печ, а назаўтра маці возьме таксі і самастойна дабярэцца да дому. Усім, хто быў у палаце, такая ідэя падалася абсурднай. Месяц у хаце ніхто не жыў, і маразы як раз у гэтыя дні ўсталяваліся за 20 градусаў. Хіба можна за дзень абагрэць пакоі ў такі мароз. Да таго ж за час прабывання ў бальніцы ў бабулі набралася пяць торбаў адзежы і іншага. Як яна самастойна даставіць іх да таксі. Хвалявалася пажылая жанчына і пра тое, каб дарога да вёскі была прачышчана, бо калі давядзецца ісці, яна не адолее і невялікай адлегласці. Пра тое, што будзе рабіць адна ў глухой вёсцы, калі зноў здарыцца прыступ, старалася і не думаць.

Наступіў апошні вечар перад выпіскай. Зноў пачала Марыя Ягораўна званіць дзецям у надзеі на цуд. Многа чаго давялося выслухаць маці ад Таццяны, калі стала прасіць яе забраць да сябе. У выніку тая паклала трубку і больш размаўляць не захацела. Вера паведаміла, што цэлы дзень тапіла печ, у хаце пацяплела, і маці можа заўтра надзейна ехаць у “гарачыню”. Сын жа сказаў, што калі ў Веры хопіць сумлення завезці тую ў халодную хату, то вечарам ён прыедзе і забярэ яе.

Бабуля адчувала сябе разгубленай. Як жа пасля таго, як дачка прыехала, натапіла, прывезла прадуктаў, яна возьме і паедзе да Антона. Неяк не па-людску ўсё гэта. Усе ж, хто стаў сведкай сумных падзей, параілі пажылой жанчыне, каб ехала да сына.

Адзінае, што парадавала бабулю ў той дзень, – званок аднаго з унукаў. Ён пацікавіўся яе здароўем і паабяцаў, што сам забярэ яе з бальніцы і завязе ў вёску.

За гэтыя тры дні мая новая знаёмая неяк згасла, стала больш задуменнай, яе самаадчуванне пагоршылася. Усім, хто неспадзявана быў уцягнуты ў бабуліны праблемы, прыйшло на ўспамін народнае выслоўе “Жыць – то жыць, але як дажываць прыйдзецца”.

Варта задумацца, адкуль такая чэрствасць да блізкага чалавека, чаму маці аказалася нікому не патрэбнай? Ці гэта першапачаткова абумоўлена недахопам у выхаванні, ці набылося ў працэсе жыцця, ці нешта іншае. Зразумела толькі адно: так быць не павінна.

Анжэла РАДЫНА