Як стаць афіцэрам

Общество

Выбар прафесіі – адзін з самых адказных і складаных этапаў у жыцці кожнага маладога чалавека.

Той, хто вырашыў стаць афіцэрам, авалодае прэстыжнай і запатрабаванай спецыяльнасцю, што дазволіць з упэўненасцю глядзець у будучыню. Такую магчымасць дае ўстанова адукацыі «Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь», якая ўваходзіць у лік найбуйнейшых ВНУ краіны.

Асноўнымі структурнымі падраздзяленнямі акадэміі з’яўляюцца адзінаццаць факультэтаў, сем з якіх прымаюць абітурыентаў адразу пасля школы. Да іх адносяцца: агульнавайсковы, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, ваеннай разведкі, авіяцыйны, унутраных войскаў, ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення.

Навучанне ў Ваеннай акадэміі ажыццяўляецца толькі па дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Заняткі з курсантамі праводзіць высокакваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі састаў. На практычную падрыхтоўку адводзіцца каля 60% вучэбнага часу. Пры вывучэнні ўзбраення і ваеннай тэхнікі ў Ваеннай акадэміі інтэнсіўна выкарыстоўваюцца трэнажоры. Дадаткова маладыя людзі праходзяць праграму падрыхтоўкі вадзіцеля катэгорыі «С» з наступным атрыманнем вадзіцельскіх пасведчанняў на кіраванне транспартным сродкам.

У бібліятэцы налічваецца больш за 600 тысяч асобнікаў тэхнічнай, спецыяльнай і мастацкай літаратуры, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, працуюць чытальныя залы. Спартыўная база абсталявана сучаснымі вучэбна-трэніровачнымі комплексамі і трэнажорамі, арганізавана работа шматлікіх секцый. Курсанты 1-2-га курсаў размяшчаюцца ў казармах, 3-4-га – у добраўпарадкаваных інтэрнатах.

Зрабіўшы выбар на карысць прафесіі афіцэра, падчас навучання курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні (рэчавым, харчовым і грашовым). Пасля атрымання вышэйшай адукацыі ўсім выпускнікам гарантуецца працаўладкаванне, дастойная аплата, магчымасці для прафесійнага і кар’ернага росту, сацыяльныя гарантыі.

 Калі вы грамадзянін Рэспублікі Беларусь ва ўзросце ад 17 да 21 года і ў вас паўстала жаданне авалодаць прэстыжнай і запатрабаванай спецыяльнасцю, паступайце ў Ваенную акадэмію! Для гэтага неабходна да 1 красавіка года паступлення звярнуцца ў ваенны камісарыят па месцы жыхарства і прайсці адбор у мэтах вызначэння адпаведнасці патрабаванням, што прад’яўляюцца да абітурыентаў. Ён уключае ў сябе: прафесійны адбор, у ходзе якога ацэньваецца стан здароўя, узровень фізічнай падрыхтоўкі, прафесійна-псіхалагічная прыдатнасць, і вызначэнне ўзроўню агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі (уступныя выпрабаванні). Праходжанне дадзенай працэдуры не пазбаўляе магчымасці ў далейшым паступаць у грамадзянскія навучальныя ўстановы.

Уступныя выпрабаванні праводзяцца ў форме цэнтралізаванага тэсціравання па рускай (беларускай) мове і матэматыцы, а таксама па гісторыі Беларусі ці фізіцы ў залежнасці ад абранай спецыяльнасці.

Прадстаўленне дакументаў у прыёмную камісію Ваеннай акадэміі ажыццяўляецца ў тэрміны, якія ўстанаўліваюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Залічэнне абітурыентаў праводзіцца на аснове агульнай сумы балаў, указаных у сертыфікатах цэнтралізаванага тэсціравання, і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

У акадэміі функцыянуюць падрыхтоўчыя курсы, працягласць навучання на якіх 8, 4 месяцы, 2,5 тыдня.

Ваенная акадэмія размяшчаецца па адрасе:

220057, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 220.

Тэлефон прыёмнай камісіі: (8-017) 2874922.

Афіцыйны сайт Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь: mil.by.

Юрый НАХАЙ,
начальнік адасобленай
групы (Валожынскага раёна)
ваеннага камісарыята
Маладзечанскага
і Валожынскага раёнаў
Мінскай вобласці