Знаёмства дашкольнікаў з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам

Общество

Праблема маральна-патрыятычнага выхавання ў сучасным свеце актуальная і складаная.

Сутнасць яго ў тым, каб пасеяць і вырасціць у душы дзіцяці насенне любові да роднай прыроды, да бацькоўскага дому і сям’і, да гісторыі і культуры краіны. Фарміраванне маральных і эстэтычных каштоўнасцей у самым далікатным узросце – верны спосаб патрыятычнага выхавання.

Адным з асноўных напрамкаў работы ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Расінка” з’яўляецца далучэнне дзяцей да народнай культуры і знаёмства з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам.

Натуральная патрэба малых у яркіх колерах, маляўнічых матывах можа быць у значнай меры задаволена ўвядзеннем у выхаваўчы працэс народнага мастацтва. Калі па сіле і насычанасці ўражанняў на дзяцей першае месца займаюць цацкі, то ўслед за імі ідуць вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – карункі, арнамент.

Беларускія ўзоры – самабытныя, каларытныя, унікальныя сваім старажытным паходжаннем, а таксама арыгінальным выглядам. Іх выкарыстанне не губляе папулярнасці з даўніх часоў па сённяшні дзень. Аздабленне імі адзення стала асаблівай праявай патрыятызму і любові да Радзімы.

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Расінка” ў рамках маральна-патрыятычнага выхавання быў рэалізаваны праект “Знаёмства з беларускім арнаментам”. Яго ўдзельнікамі сталі выхаванцы сярэдняй групы і іх бацькі.

Перада мной як выхавацелем стаялі задачы: развіваць цікавасць дзяцей да народных традыцый і промыслаў, пазнаёміць малых з беларускім арнаментам, прыцягнуць іх да творчай дзейнасці, выхоўваць пачуццё гонару і любові да роднага краю, да яго народнай культуры і людзей, якія ствараюць яе.

Падчас праекта рабяты дазналіся пра беларускія народныя ўзоры, вышыўку.

Паколькі ў дзяцей з’явілася цікавасць да народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, то я падабрала для іх наглядны матэрыял адпаведна ўзросту і інтарэсам. Рабяты з цікавасцю слухалі пра разнастайнасць беларускага арнаменту. Разам мы абмяркоўвалі, дзе ён ужываўся, знаёміліся з рознымі відамі і назвамі, абмяркоўвалі значэнне колеру. У мэтах больш яркага эмацыянальнага ўспрымання такая работа суправаджалася мастацкім словам – народнымі пацешкамі, прымаўкамі, фрагментамі народнай музыкі.

На занятках дзеці разглядалі не толькі самі прадметы дэкаратыўнага мастацтва, але і іх выявы: рэпрадукцыі, паштоўкі. Падчас сумеснай адукацыйнай дзейнасці быў праведзены шэраг заняткаў, дзе дзеці самастойна стваралі арнамент у выглядзе малюнка ці аплікацыі, прымянялі сваё творчае ўяўленне, майстэрства, назіральнасць.

Для паспяховага замацавання ў выхаванцаў атрыманых ведаў, дзеці дома з роднымі разглядалі прадметы, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, з выявай беларускіх арнаментаў. У дапамогу бацькам былі распрацаваны пазнавальныя матэрыялы ў выглядзе памятак і буклетаў, што ўтрымліваюць цікавыя факты і ілюстрацыі.

Актыўны ўдзел у рэалізацыі праекта прыняла Таццяна Дзедзюль, мама выхаванца сярэдняй групы Іллі. Таццяна Аляксандраўна распрацавала дыдактычную гульню “Народныя промыслы”.

На заключным этапе праекта былі праведзены выстава дзіцячых работ “Беларускі арнамент” і фотавыстава “Скарбніца”, дзе размясціліся сямейныя фота, што ілюструюць знаёмства з прадметамі народнага побыту.

Можна адзначыць, што менавіта дашкольны ўзрост дае добрыя перспектывы фарміравання ў дзяцей патрыятызму. Падчас праекта дзеці ў даступнай форме засвоілі традыцыі і звычаі свайго народа, далучыліся да роднай культуры.

Аляксандра ЛЯШУК,

выхавальнік дашкольнай адукацыі