Шырокая: найвышэйшая каштоўнасць беларускай дзяржавы — людзі

VI Усебеларускі народны сход

Найвышэйшая каштоўнасць беларускай дзяржавы — людзі. Аб гэтым сказала карэспандэнту БЕЛТА перад пачаткам адкрытага анлайн-дыялогу «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць» член Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Вера Шырокая.

«Усебеларускі народны сход — тая платформа, дзякуючы якой мы можам убачыць, чаго сапраўды дасягнулі за апошнія пяць гадоў, што пераадолелі і як далей будзем выбудоўваць сваю знешнюю і ўнутраную палітыку, што зробім прыярытэтным у эканоміцы, як будзем працаваць у рэгіёнах. Ведаю адно, што менавіта людзі — найвышэйшая каштоўнасць беларускай дзяржавы, а іх дабрабыт — залог адзінства, развіцця і незалежнасці», — сказала Вера Шырокая.

Дыскусійная анлайн-пляцоўка сёння аб’яднала 140 прадстаўнікоў каманды саюза моладзі — удзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу. Галоўная задача маладзёжнай сустрэчы — зверыць гадзіннікі напярэдадні важнай грамадска-палітычнай падзеі. Сувязь са студыямі ў абласных цэнтрах і Мінску наладжана праз карпаратыўную платформу Zoom. Цэнтральная студыя размясцілася ў Рэспубліканскім доме моладзі ў Мінску.

«Мая кар’ера цалкам была пабудавана на актыўнай рабоце ў БРСМ, гэта арганізацыя выхавала мяне і дала пуцёўку ў будучыню. Але арганізацыя — гэта людзі: кіраўнікі і лідары, калегі і сябры. Таму важна на асабістым прыкладзе паказаць, што БРСМ — гэта сапраўды кузня кадраў, а маладых членаў арганізацыі трэба падтрымаць, падзяліцца вопытам і накіраваць», — адзначыла парламентарый.

VI Усебеларускі народны сход пройдзе 11-12 лютага ў Мінску. На абмеркаванне ўдзельнікаў будуць вынесены асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады і напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны. Агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных складзе 2,7 тыс. чалавек.

У студзені на VII Пленуме Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ўдзельнікамі УНС выбраны 140 прадстаўнікоў БРСМ. З іх 75,2 працэнта — работнікі прамысловых і сельгаспрадпрыемстваў, служачыя, ваеннаслужачыя Узброеных Сіл, супрацоўнікі органаў і падраздзяленняў унутраных спраў МУС, беларускія ратавальнікі, педагогі, прадстаўнікі аховы здароўя, сродкаў масавай інфармацыі, лідары тэрытарыяльных арганізацый саюза моладзі; 15,6 працэнта — студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі і магістранты, прадстаўнікі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў; 9,2 працэнта — дэпутаты раённых Саветаў дэпутатаў.