Прэзідэнту Беларусі давяраюць 66,5 працэнта жыхароў краіны — сацдаследаванне

VI Усебеларускі народны сход

Прэзідэнту Беларусі давяраюць 66,5 працэнта жыхароў краіны. Аб гэтым заявіў сёння журналістам дырэктар Аналітычнага цэнтра EcooM Сяргей Мусіенка, каменціруючы вынікі сацыялагічнага даследавання «Сацыяльнае мысленне», праведзенага напярэдадні VI Усебеларускага народнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Узровень даверу Прэзідэнту, згодна з гэтым вялікім апытаннем, склаў 66,5 працэнта. У тэлефонным апытанні, якое мы правялі перад гэтым даследаваннем, было 74,2 працэнта, — адзначыў Сяргей Мусіенка. — Найбольшы ўзровень даверу арміі — 69,2 працэнта, царкве — 66,8 працэнта, ураду — 57 працэнтаў, праваахоўным органам — 51,9 працэнта». Паводле слоў Сяргея Мусіенкі, як правіла, пасля вялікай палітычнай кампаніі гэтыя лічбы зніжаюцца.

У той жа час беларускай апазіцыі ў цэлым не давярае 63,4 працэнта рэспандэнтаў, давярае 17,2 працэнта. «Калі задаюцца адкрытыя пытанні — «Назавіце лідара апазіцыі» — практычна адзінкі называлі людзей са старой кагорты апазіцыі. Гэтыя 20-25 гадоў іх барацьбы з «рэжымам» выліліся ў тое, што з 10 тыс. адказаў 3-4 чалавекі называюць таго, каго лічаць пастаянным ньюсмейкерам. Прыйшлі новыя людзі — іх называюць і часта блытаюцца», — звярнуў увагу сацыёлаг.

Рэспубліканскае апытанне грамадскай думкі праводзілася па заказе БЕЛТА з 12 студзеня па 8 лютага Аналітычным цэнтрам ЕсооМ з прыцягненнем фонду «Украінская палітыка» і ва ўзаемадзеянні з акрэдытаванымі ў Беларусі сацыялагічнымі цэнтрамі. З выкарыстаннем папяровых анкет і планшэтаў апытана 9896 рэспандэнтаў у 108 населеных пунктах усіх рэгіёнаў Беларусі з захаваннем прынцыпу рэпрэзентатыўнасці для насельніцтва Беларусі ад 18 гадоў па полу, узросту, узроўню адукацыi, тыпу населенага пункта і рэгіёну пражывання рэспандэнтаў. Статыстычная памылка выбаркі не перавышае 2,5 працэнта.

Двухэтапнаму палявому даследаванню папярэднічала пілатажнае тэлефоннае апытанне, што дало магчымасць падрыхтаваць неабходны інструментарый і выбудаваць тактыку збору першаснай сацыялагічнай інфармацыі.

На першым этапе праведзена тэрытарыяльнае апытанне эканамічна актыўнага насельніцтва, па выніках якога прынята рашэнне аб правядзенні другога этапу з больш шырокім ахопам розных катэгорый грамадзян. Акрамя арганізацыі запаўнення фармалізаваных анкет, перад інтэрв’юерамі ставілася задача вывучэння запытаў і чаканняў грамадства, збору прапаноў насельніцтва па ўдасканаленні палітыкі дзяржавы ў розных сферах. Акцэнт рабіўся на адкрытых пытаннях, якія даюць магчымасць максімальна ўлічыць асабісты пункт гледжання рэспандэнтаў.

«Атрыманыя вынікі дазваляюць даць аб’ектыўную характарыстыку грамадскай думкі жыхароў Беларусі», — падкрэсліў Сяргей Мусіенка.