Для якасці і зручнасці абслугоўвання

Безопасность и здоровье

У Валожынскай раённай паліклініцы аднавілі работу рэнтген-кабінеты.

На чацвёртым паверсе паліклінікі заканчваюцца рамонтныя работы, якія вяліся ў кабінетах, дзе праводзіцца рэнтгеналагічнае абследаванне: флюарограф, рэнтген і стаматалагічнае. Абноўлены сцены і столь, пакладзена плітка, у зоне чакання з’явілася больш сучасная мэбля.

Атрыманы новы рэнтген-апарат, іншае абсталяванне для рэнтген-дыягностыкі, што дазваляе паскорыць працэс работы і расшыфроўку здымкаў.

На калідоры ўстаноўлены тэрмінал электроннай чаргі. Цяпер няма патрэбы тоўпіцца каля дзвярэй і спраўляцца “хто за кім”, а можна зручна размясціцца і чакаць, пакуль не высвеціцца твой нумар. Дзеля гэтага на экране неабходна выбраць абследаванне, якое трэба прайсці.

На паверсе ўздоўж калідора для пацыентаў вывешаны таблічкі-ўказальнікі з нумарамі кабінетаў, каб лепш было арыентавацца.

З улікам эпідэміялагічнай абстаноўкі рэнтген-кабінеты ў паліклініцы лічацца чыстай зонай і працуюць да 13 гадзін. А вось у хірургічным корпусе райбальніцы (гэта брудная зона) праходзяць рэнтген-абследаванне захварэўшыя на вірусныя інфекцыі – зрабіць гэта можна на працягу рабочага дня.  

Наш кар.