Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

 

З пачатку бягучага года ў райвыканкаме зарэгістраваны 10 індывідуальных прадпрымальнікаў, 3 сялянска-фермерскія гаспадаркі і 1 таварыства з абмежаванай адказнасцю з юрыдычным адрасам у Валожыне.

Новыя ІП будуць займацца рознічным гандлем, аказваць паслугі таксі і іншыя індывідуальныя паслугі.

На мінулым тыдні адбыўся справаздачна-выбарны сход Івянецкага гарпасялковага аддзела грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”. Прайшлі выбары старшыні і праўлення. У чарговы раз старшынёй суполкі абраны дырэктар мясцовага Дома культуры Станіслаў Бурачэўскі. Аналагічныя сходы прайшлі ў Валожынскім, Ракаўскім, Вішнеўскім і Сівіцкім аддзелах.

5 лютага ў Доме польскім у Івянцы прайшла Мінская абласная канферэнцыя па вылучэнні дэлегатаў на з’езд “Саюза палякаў на Беларусі”, які адбудзецца ў сакавіку. Івянецкі аддзел будуць прадстаўляць на форуме 4 дэлегаты, ад астатніх аддзелаў нашага раёна – па аднаму дэлегату. У завяршэнні канферэнцыі перад удзельнікамі выступіў ансамбль польскай песні “Івянчанка”.

6 лютага незвычайнае мерапрыемства адбылося ў сельскагаспадарчым ліцэі. У першы раз за ўсе гады тут прайшоў абрад хрышчэння. Непаўналетняя навучэнка другога курса Лілія Навуменкава сама выказала жаданне пахрысціцца.

 Напярэдадні правядзення абраду айцец Дзмітрый правёў гутаркі з дзяўчынай. Рознымі шляхамі прыходзяць людзі да Бога. Магчыма, Ліліі ён дапаможа знайсці сваё месца ў жыцці, прымаць правільныя рашэнні. У дзяўчыны няпросты лёс і няпросты характар, але ў ліцэі знайшліся людзі, якім яна неабыякавая, якія шмат часу праводзяць разам, дапамагаючы спасцігаць хрысціянскія і жыццёвыя ісціны. Гэта ў першую чаргу выхавальніцы ў інтэрнаце Алена Уладзіміраўна Ніканава і Марына Іосіфаўна Яцкевіч. Апошняя, дарэчы, стала хроснай маці Ліліі. На ўрачыстасці прысутнічалі таксама намеснік дырэктара ліцэя па вучэбна-выхаваўчай рабоце Марына Міхайлаўна Віршыч, куратар вучэбнай групы Таццяна Пятроўна Страпко, аднагрупнікі. Айцец Дзмітрый прыйшоў не з пустымі рукамі: прынёс ласункі для выхаванцаў, адказаў на пытанні, што іх цікавілі.

Акцыя “Час дарыць кнігі” праходзіць у гэтыя дні ў Валожынскай дзіцячай бібліятэцы.

Чарговая акцыя прымеркавана да Міжнароднага дня дарэння кніг. Яна стартавала 9 лютага. Бібліятэка з удзячнасцю прыме мастацкую і даведачную літаратуру, навукова-папулярныя кнігі. Шаноўныя чытачы, паглядзіце ўважліва на паліцы дамашніх бібліятэк. Магчыма, там таксама ёсць кнігі, якія даўно сумуюць па чытачах?! Зрабіце добрую справу і падарыце кнігі бібліятэкам. Дарэчы, бібліятэкі ёсць таксама ў воінскай часці і раённай бальніцы, а фінансуюцца яны зусім слаба і новыя паступленні здараюцца там надзвычай рэдка…

5 лютага ў спартыўным комплексе “Заячая паляна” ля Лагойска адбыліся спаборніцтвы па лыжных гонках, у якіх удзельнічалі калектывы Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.

У каманду нашага лясгаса ўваходзілі 6 чалавек: тры жанчыны і трое мужчын. Яны беглі індывідуальную гонку і эстафету. Лепшы вынік паказалі прадстаўніцы слабай паловы. Бухгалтар Кацярына Гурская заняла 4-е месца, а старшыня прафкама эканаміст Надзея Стасяловіч – 7-е. Але, як гавораць, галоўнае не перамога, а ўдзел.

Вельмі хвалюючае пісьмо атрымала днямі член народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Марыя Уладзіміраўна Мучынская.

 У лісце паведамляецца, што Прэзідыум расійскага Саюза пісьменнікаў прыняў рашэнне аб узнагароджванні яе медалём Буніна. Узнагарода заснавана да 150-годдзя з дня нараджэння першага расійскага лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Івана Буніна, якое адзначалася ў 2020 годзе. Гэтым медалём узнагароджваюцца намінанты нацыянальнай літаратурнай прэміі “Паэт года”, сярод якіх і наша зямлячка. На конкурс “Паэт года” М. Мучынская дасылала чатыры вершы “Березки, как невесты”, “Светятся окна”, “Тоненькая нить” и “Ах! Эта женщина”, а яшчэ два творы – у намінацыі “Лірыка-2020”.

Кіраўнік гуртка “Праекты” РЦК Кацярына Голуб правяла для вучняў гарадскіх школ майстар-клас па фатаграфаванні.

 Спачатку яна пазнаёміла вучняў з азамі тэатральнага мастацтва, а затым з асновамі фотасправы. У той дзень яны даведаліся пра пастановачныя і спантанныя фота, асновы кампазіцыі і мабільнай апрацоўкі фота.