Раманаўская школа. 1946 год. Першы пасляваенны выпуск

Культура

У музейным пакоі нашай школы захоўваецца цікавая фатаграфія з сямейнага альбома Тарэсы Віктараўны Макей (Ванслаў). На фатаграфіі юнакі і дзяўчаты, дзяцінства якіх прыпала на ваеннае ліхалецце, а юнацтва на аднаўленне народнай гаспадаркі Беларусі.

Будынка школы ў Раманаўшчыне, у сучасным разуменні, не было. Школа размяшчалася ў чатырох хатах, дзе гаспадары выдзялялі пакой для навучання дзяцей. Адзіны гадзіннік на ўсю вёску і спрэчкі, чыя чарга даваць званок па вёсцы…

Вучні прыходзілі з навакольных вёсак і хутароў, якія ўцалелі пасля блакады ў ліпені-жніўні 1943 года. Былі спалены Нелюбы, Доры, Макрычаўшчына… У школу хадзілі пешшу, не зважаючы на пару года і надвор’е. Адзенне простае, абутак таксама (басаножкі – падэшва са старой шыны з прывязанымі матузамі).

Дзеці вайны вельмі хутка сталелі. Вучыцца было цікава і неабходна. Магчыма, таму сярод выпускнікоў – працавітыя і знакамітыя людзі. Сярод іх (верхні рад) – добра знаёмыя старэйшаму пакаленню рэжысёр Пяршайскага народнага тэатра Мікалай Мікалаевіч Ганчарык, хірург Анатоль Пятровіч Інфаровіч.

 У першым радзе настаўнікі. Чацвёрты злева – дырэктар школы, франтавік Віктар Іосіфавіч Ганак, побач (трэці злева) мой дзед – Уладзімір Іванавіч Нелюб. Дзед вучыўся ў Кракаве на настаўніка… і застаўся без работы. Каб працаваць, трэба было прыняць каталіцкую веру і польскае падданства. Яго бацька (Іван Ігнатавіч Нелюб, праваслаўны, з Бандарцоў, быў граматны) сказаў: “Не!” У той час дзеці слухаліся бацькоў. Дзед прадоўжыў настаўнічаць толькі пасля 17 верасня 1939 года.

У другім радзе трэцяя злева Тарэса Віктараўна Макей (Ванслаў). Чацвёртая – Прафена Мартынаўна Шэўчык (Гарбач) (зімуе ў дачкі ў Фаніпалі), працавала ў Дорскай васьмігадовай школе, вучыла мяне матэматыцы. Пятая – Таіса Уладзіміраўна Усава (Нелюб), выпускніца Ашмянскага педвучылішча, чацвёрты выпуск, 1951 года, мая першая настаўніца ў Раманаўскай пачатковай школе.

У 1972 годзе школу закрылі. Дзеці прадоўжылі навучанне ў Дорах. Мама працавала ў школе да выхаду на заслужаны адпачынак. Яна памятае практычна ўсіх сваіх вучняў, можа назваць дату нараджэння кожнага.

Тарэса Віктараўна і Таіса Уладзіміраўна жывуць па суседстве, пры дочках. Год-два назад збіраліся ці ў нас пад вішняй, ці ў Тарэсы Віктараўны пад вінаградам. Зараз кожны дзень падтрымліваюць сувязь па тэлефоне. Тэмы пастаянныя: абмеркаваць надвор’е, падзеі ў свеце і Беларусі, навіны з “Працоўнай славы”, успомніць даўніну… Сёлета 75 гадоў, як закончылі школу. Пра што мараць аднакласніцы? Каб дзеці былі здаровыя і не было вайны!

Ганна УСАВА,

настаўнік гісторыі

ДУА “Дорскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”