Захапіўся творчасцю Рэмарка

Молодежный курьер Общество

 

Са школы кожны хлопчык ведае, хто такія танкісты або лётчыкі, чым займаюцца сувязісты і артылерысты. А вось што ўваходзіць у пералік задач ваенных інжынераў, адкажа далёка не кожны. Яшчэ нядаўна практычна не меў прадстаўлення пра гэта і наш зямляк Сяргей ПАШКОЎСКІ.

Валожын для маладога чалавека – малая радзіма. Тут Сяргей нарадзіўся і вырас, тут прайшлі яго дзяцінства і юнацтва. Як і многія падлеткі, ён марыў хутчэй стаць самастойным, незалежным і сысці ад бацькоўскіх клопату і апекі. І, вядома, хацелася знайсці свой шлях у жыцці. Скончыўшы Мар’інагорскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, новаспечаны тэхнік-механік нейкі час працаваў на ніве сельскай гаспадаркі. Канчаткова пераканаўшыся, што гэта не яго прызванне, юнак вырашыў паспрабаваць сябе спачатку ў будаўніцтве, а пасля ўладкаваўся на Мінскі аўтамабільны завод фармоўшчыкам.

– Праца, вядома, фізічна складаная, вытворчасць шкодная. Таму надоўга тут заставацца мне не хочацца. Ды і вышэйшую адукацыю трэба атрымаць. Дыплом – адна з прыступак для кар’ернага росту, – распавядае аб сваіх планах на будучыню Сяргей. – Служба ў арміі – таксама важны этап у жыцці мужчыны.

Па словах малодшага сяржанта рэзерву 2-й інжынернай брыгады Сяргея Пашкоўскага, найбольш складанымі былі самыя першыя зборы:

– Тады ўсе мы, навабранцы, праходзілі курс пачатковай вайсковай падрыхтоўкі. Трэба было не толькі вывучыць асновы ваеннай справы, зразумець, што і як у арміі ўстроена, але і адаптавацца, уліцца ў калектыў. У той перыяд адбылася адна з самых важных падзей – урачыстае прыняцце ваеннай прысягі. Я і цяпер памятаю хваляванне, якое адчуваў, калі прыйшла мая чарга выйсці са строю і вымавіць словы клятвы на вернасць Радзіме. У гэты час на мяне глядзелі камандзіры, таварышы, родныя і блізкія…

Падчас збораў малодшы сяржант рэзерву зразумеў, што ён зусім нічога не ведаў пра інжынерныя войскі. Спачатку спатрэбілася вывучыць тэорыю, а потым былі палявыя выхады, засваенне падрыўной справы на практыцы…

– Раней пра службу ў войску я меў уяўленне па чужых водгуках і ўражаннях. Цяпер жа ў мяне склалася сваё ўласнае меркаванне, заснаванае на асабістым вопыце. Да арміі я нават аб працы сапёра ведаў толькі тое, што паказваюць у фільмах. На дадзены ж момант маё разуменне пра службу ў інжынерных войсках значна шырэйшае. Мы, ваенныя інжынеры, здольныя выконваць шырокі спектр задач: размініраванне, маскіроўку, навядзенне пантонных перапраў і драўляных мастоў. Фартыфікацыйныя ўмацаванні, інжынерныя загароды – таксама наша работа, – з гонарам распавядае зямляк.

Дарэчы, менавіта ў арміі Сяргей захапіўся чытаннем твораў Рэмарка. Гэта любоў да творчасці нямецкага пісьменніка захавалася і ў паўсядзённым жыцці. Ледзь закончыўшы адзін раман, ён не шкадаваў грошай на тое, каб купіць чарговую кнігу. Паступова цікавасць да літаратуры пашыралася, як і спіс упадабаных аўтараў. З апошняга, што давялося прачытаць, яго асабліва ўразіў раман Булгакава “Майстар і Маргарыта”.

– Калі я праходзіў усе працэдуры прызыву ў ваенным камісарыяце, мне казалі, што служыць буду ў сілах спецыяльных аперацый. Так склалася, што дэсантнікам я не стаў, ды і служу ў рэзерве. Але ніколькі не шкадую аб гэтым, – расказвае Сяргей Пашкоўскі. – Стаць ваенным інжынерам таксама выдатна, бо гэтыя спецыялісты выконваюць не менш важныя задачы. Да таго ж у інжынерных войскаў багатая гісторыя, 21 студзеня ім споўнілася 320 гадоў!

Алена МЯЦЕЛЬСКАЯ,

фота аўтара