Задача дарослых – не дапусціць алкагольнай залежнасці ў дзяцей

Безопасность и здоровье

Сёння некаторыя нашы суайчыннікі стараюцца развітацца з алкаголем ва ўзросце, калі іншыя толькі пачынаюць яго спрабаваць. Згодна з данымі статыстыкі, упершыню большасць беларусаў знаёмяцца са спіртнымі напіткамі ў раннім дзяцінстве. Часцей за ўсё гэта адбываецца з-за таго, што дзеці, пазбаўленыя нагляду падпіўшых бацькоў, блытаюць гарэлку з вадой ці віно з морсам. Падобны вопыт звычайна не вядзе да паўторнага жадання выпіць. Але пасля на працягу гадоў малыш бачыць: алкаголь – абавязковая частка свят дарослых людзей і пачынае ўспрымаць яго станоўча.

Апошнім часам дзіцячы алкагалізм – больш вострая праблема, чым алкагалізм дарослых. З аднаго боку ў дзяцей сімптомы атручвання алкаголем праяўляюцца значна ярчэй, з іншага – іх арганізм даволі хутка прыстасоўваецца да любых змяненняў ва ўмовах існавання, што тычыцца і алкагалізму, які ў дзяцей мае злаякаснае цячэнне. Калі даросламу чалавеку патрабуюцца некалькі гадоў, каб прызвычаіцца да вялікіх доз алкаголю і атрымаць ад яго залежнасць, то дзецям, каб трапіць у залежнасць, дастаткова некалькі месяцаў.

Адна з галоўных прычын злоўжывання спіртным падлеткамі – дрэнны прыклад бацькоў. Прыкладна ў 50 выпадках са 100 будучыя алкаголікі нарадзіліся і выхоўваліся ў сем’ях, дзе хаця б адзін з бацькоў быў залежным.

Другой прычынай з’яўляецца няправільнае выхаванне. Напрыклад, такія палярныя прычыны, як гіперапека і безнагляднасць. Пры гіперапецы хлопцык і дзяўчынка не маюць магчымасці навучыцца самастойна змагацца з нягодамі і стрэсамі, таму лёгка прывыкаюць да алкаголю як да сродку, што стварае ілюзію камфорту. А пры адсутнасці ўвагі з боку маці і бацькі дзяцей выхоўвае вуліца, і яны засвойваюць усе нарматывы хуліганскага асяроддзя, дзе алкаголь займае адно з галоўных месцаў.

Згодна са статыстыкай, у 22% выпадкаў дзеці пачынаюць ужываць піва, віно ці гарэлку за кампанію, каб не выглядаць “белай варонай”. Немалую ролю адыгравае і імкненне эксперыментаваць. Да выпіўкі паступова далучаюцца траўка, таблеткі, клей, гераін. Для залежнага важна толькі адно: прыняць любы сродак, што зменіць прытомнасць. Аднак пачынаецца ўсё менавіта з алкаголю.

Аднойчы вы адчулі пах спіртнога ад свайго дзіцяці. Зразумела, запанікавалі. Вы столькі разоў сустракалі падлеткаў, што дзесьці ў пад’ездзе распівалі віно, піва, але ж і думкі не дапускалі, што і ваш нашчадак калісьці далучыцца да іх кампаніі. Ад таго, як бацькі будуць паводзіць сябе ў падобнай сітуацыі, залежыць будучыня юнага чалавека. Толькі спакойныя, добразычлівыя дзеянні могуць выклікаць у падлетка жаданне кантактаваць з дарослымі, абмяркоўваць непрыемную тэму. Раскажыце падлетку, што калі ён вырасце, то будзе мець сям’ю, а ў бацькоў, якія п’юць, дзеці пакутуюць асабліва – у іх безліч праблем не толькі са здароўем. Ім даводзіцца “круціцца”, каб пазбягаць пабояў, не застацца галодным, не насіць лахманы… Падтрымку ў гэтай сітуацыі можна знайсці толькі па-за межамі свайго дома. У выпадку, калі такога падлетка ніхто не падтрымае, ён хутчэй за ўсё сап’ецца  гэтак жа, як і яго бацькі.

Медыкі шмат пішуць пра спадчынны характар алкагалізму. Таму некаторыя бацькі, якія не злоўжываюць спіртным, думаюць, быццам іх дзецям такая праблема не пагражае. Безумоўна, гэта няпраўда. Калі хтосьці будзе пастаянна прымаць хоць і невялікія дозы алкагалю (напрыклад, за кампанію перад дыскатэкай), схільнасць да яго паступова сфарміруецца. Алкагалізм не спадчыннае захворванне, а захворванне са спадчыннай схільнасцю.

Дзеці павінны ведаць: у алкаголікаў жыццё круціцца вакол выпіўкі, і, калі яе няма, усё траціць сэнс. Залежнасць нясе на сабе адбітак разбэшчанасці, таму сям’я, дзе ёсць такія людзі, трапляе ў ізаляцыю ад соцыуму. Калі дзіця засвоіць, што алкагалізм – страшэннае, практычна невылечнае захворванне, а разыка на яго захварэць абвастраецца менавіта ў падлеткавым узросце, то будзе пазбягаць рэгулярнага ўжывання спіртнога.

Паважаныя бацькі, расказвайце дзецям усё, што ведаеце, пра шкоду алкаголю. Калі бачыце, што вашы словы не даходзяць да падлетка, звяртайцеся да спецыялістаў, святароў, аўтарытэтных людзей. Беражыце сябе і сваіх дзяцей ад небяспечных звычак.

Вікторыя ШАНЕЦ,

педагог сацыяльны СПЦ