З любоўю да роднай зямлі

Культура

У Валожынскім краязнаўчым музеі працуе выстава работ “Краявіды роднай зямлі” скульптара Валерыя Калясінскага і яго дачкі Паліны, якая зараз вучыцца ў Рэспубліканскім каледжы мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка ў Мінску.

 

 

Шырыню творчых захапленняў Валерыя Францавіча раскрываюць прадстаўленыя на экспазіцыі малюнкі краявідаў Пяршайшчыны, выкананыя тушшу, барэльефы В. І. Дуніна-Марцінкевіча і Старога Уласа, бюст мастака Фердынанда Рушчыца. Вялікую цікавасць выклікаюць яго работы з граніту: “Змяя”, “Ваза”, “Полымя”, “Чалавек”, “Елка”.

Валерый Калясінскі нарадзіўся ў Мінску 30 лістапада 1960 года. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “Скульптура”, пазней – аспірантуру. У 1998-2001 гадах стажыраваўся ў Творчых акадэмічных майстэрнях Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. З 2000 года з’яўляецца членам грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”.

Займаецца ён такімі відамі скульптуры, як манументальная, станковая, мемарыяльная, а таксама медальерным мастацтвам і керамікай. Для сваіх работ выкарыстоўвае бронзу, латунь, граніт, гіпс, гліну, сілумін.Сярод найбольш вядомых яго твораў – мемарыяльныя знакі Стэфану Баторыю ў Гродне і загінуўшаму экіпажу самалёта “Ілля Мурамец” у вёсцы Баруны Ашмянскага раёна, бронзавыя партрэты Адама Міцкевіча, Станіслава Манюшкі, Аляксандра Пушкіна. Творчыя работы аўтара знаходзяцца ў гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Заслаўе”, Івянецкім музеі традыцыйнай культуры, у Гродзенскіх гісторыка-археалагічным музеі і музеі гісторыі рэлігіі, у прыватных калекцыях.

Выстава Валерыя Францавіча “Медалі, малюнак, манеты” прайшла ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Яна стала падзеяй для ўсіх, хто цікавіцца медальерным мастацтвам і культурай Беларусі. Там былі прадстаўлены медалі і манеты, звязаныя з гістарычным мінулым і сучаснасцю нашай краіны. Асобныя серыі манет прысвечаны вядомым дзеячам культуры, навукі, мастацтва, спорту, абаронцам Айчыны, архітэктурным помнікам, гістарычным юбілеям.

Ужо шмат гадоў Валерый Францавіч жыве са сваёй сям’ёй у аграгарадку Пяршаі, які з’яўляецца для яго крыніцай творчага натхнення. У планах мастака аздобіць населены пункт каменнымі скульптурамі рознай тэматыкі. Жонка Ядвіга Зігмунтаўна выкладае ў мясцовай школе родную мову і літаратуру. Сын Мікалай, неаднаразовы пераможца  абласных конкурсаў і алімпіяд, вучыцца ў сталічным ВНУ. Дачка Паліна марыць стаць скульптарам, як і бацька.

Некалькі гадоў назад Валерый Калясінскі арганізаваў дзіцячы гурток “Гліняны карагод” пры  народным аб’яднанні народных майстроў “Скарбніца” Валожынскага РЦК. У 2019 годзе калектыў быў узнагароджаны дыпломам II ступені за ўдзел у абласным свяце-конкурсе майстроў ганчарства “Гліняны звон”, што праходзіў у г. п. Івянец. У мінулым пяць прадстаўнікоў гуртка сталі ўдзельнікамі пленэру да 150-годдзя Ф. Рушчыца ў Багданаве. Работы рабят выстаўляліся ў Валожынскім краязнаўчым музеі і Івянцкім музеі традыцыйнай культуры, а таксама ў Пяршайскім доме культуры, Пяршайскім ВПК, на розных раённых  мерапрыемствах.

Паліна Калясінская прадставіла на выставе “Краявіды роднай зямлі” свае малюнкі вугалем, прысвечаныя Пяршайшчыне, і разьбу па дрэве. Дзяўчына з’яўляецца пераможцай абласнога конкурсу “Калыска талентаў”, што праходзіў у Клецку, заняла 3-е месца ў раённым конкурсе “Бяспека на пажары”, мае тры дыпломы за ўдзел у розныя гады ў рэспубліканскай выставе Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, дыпломы за ўдзел у IX Міжнародным пленэры, прысвечаным Ф. Рушчыцу, у Вільнюсе, дзіцячым пленэры-конкурсе ў Багданаве.

Наш кар.

Фота Анжэлы РАДЫНА