Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб пераразмеркаванні паўнамоцтваў унутры ўладнай вертыкалі. Ён адзначыў, што гэта ўжо робіцца, але разам з паўнамоцтвамі пераходзіць і вялікая доля адказнасці. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, выступаючы з дакладам на VI Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дыялогавыя пляцоўкі паказалі, што цікавасць грамадства да змянення палітычнай сістэмы краіны і канстытуцыйнай рэформы высокая. «Аднак перш чым сход пачне выпрацоўку прапаноў, неабходна спакойна разабрацца, што адбываецца з намі цяпер, якія глыбінныя працэсы ідуць у грамадстве і як мы на іх будзем рэагаваць», — звярнуў увагу Прэзідэнт.
Пры гэтым ён паведаміў, што пераразмеркаванне паўнамоцтваў ужо адбываецца. «Мы пачалі ўжо гэта рабіць: Прэзідэнт — урад, Прэзідэнт — парламент, губернатары, мясцовыя органы ўлады. Цэлы план на стале ляжыць. Пасля Усебеларускага народнага сходу мы прадоўжым больш інтэнсіўна гэта рабіць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу насельніцтва на тое, што тыя, хто атрымаў паўнамоцтвы, будуць не толькі прымаць рашэнні, але і адказваць па іх. Людзям давядзецца адвыкаць ад таго, што Прэзідэнт адказвае за ўсё. «З сацыялагічнага даследавання: людзі за перадачу паўнамоцтваў ад Прэзідэнта іншым структурам. Але людзі павінны разумець: Прэзідэнт, вядома, па сігнале людзей умяшаецца, калі трэба, у гэты працэс, але гэта не яго будуць функцыі і паўнамоцтвы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму пераразмяркоўваць паўнамоцтвы мы будзем. Радыкальна».
Кіраўнік дзяржавы расказаў аб прапанове, якая паступіла ад аднаго з палітолагаў: трэба некаторыя законы называць імёнамі распрацоўшчыкаў. Гэту ідэю беларускі лідар лічыць дастойнай і слушнай у кантэксце пераразмеркавання паўнамоцтваў, адыходу ад калектыўнай адказнасці. «Каб людзі ведалі, хто прапанаваў», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.