Лукашэнка: перакананы, што Беларусь павінна заставацца прэзідэнцкай рэспублікай

VI Усебеларускі народны сход

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перакананы, што Беларусь павінна заставацца прэзідэнцкай рэспублікай. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, выступаючы з дакладам на VI Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, такой павінна заставацца краіна, у тым ліку калі ён пойдзе з пасады Прэзідэнта. «Я за канстытуцыйную рэформу. На працягу года на дыялогавых пляцоўках, усюды мы будзем гэта абмяркоўваць. Кожны крок па змяненні. Але я перакананы: наша краіна павінна заставацца прэзідэнцкай рэспублікай. Зразумейце толькі правільна тое, што я цяпер скажу: наша краіна павінна быць прэзідэнцкай рэспублікай і без Лукашэнкі. Яна будзе без Лукашэнкі — не сёння, дык заўтра, паслязаўтра. Які б я ні быў гераічны, настане час — прыйдуць іншыя людзі», — сказаў беларускі лідар.

«Я разумею, што ўвесь сыр-бор — з-за цяперашняй асобы Прэзідэнта Беларусі. Для каго гэта сакрэт? — адзначыў ён. — Я вельмі рашучы чалавек, не баязлівы. Я не дрыжу за сваю шкуру, у мяне няма багацця (нікому не верце, што я нешта там у некага ўзяў, чвэрць стагоддзя на чале ўлады — і ніхто нідзе нічога не знайшоў, хоць пры цяперашняй сістэме можна знайсці любую капейку). У мяне акрамя Беларусі нічога няма. Я лепшыя гады ўклаў у гэту краіну».

«Мяне немагчыма запалохаць. Я не выстаўляў сябе героем, калі бегаў з аўтаматам па вуліцы. Я проста быў настроены рашуча. Я ведаў і бачыў, да чаго гэта ўсё можа прывесці. І гэта многіх ацвярэзіла, — прадоўжыў Прэзідэнт. — Такая пазіцыя ў маіх дзяцей, у маіх блізкіх і родных. Я сваю краіну нікому не аддам».