Лукашэнка: у Беларусі няма і ніколі не будзе алігархаў

VI Усебеларускі народны сход

У Беларусі няма і ніколі не будзе алігархаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, выступаючы з дакладам на VI Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«На дыялогавых пляцоўках гучалі ініцыятывы аб тым, каб узмацніць залежнасць даходаў работнікаў ад фінансавага выніку прадпрыемства. Размеркаванне дывідэндаў або перадача ва ўласнасць часткі акцый патрабуюць сумленнага заканадаўчага замацавання. Але вы павінны пры гэтым памятаць, у Беларусі сёння няма і ніколі не будзе алігархаў. Кожны павінен атрымліваць за свой вынік», — лічыць Прэзідэнт.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што гэта не значыць, што трэба ўсіх ураўнаваць. «Той, хто можа дзякуючы свайму таленту і здольнасцям, можа зарабіць і атрымаць больш, няхай атрымлівае. Але разбежкі велізарнай быць не павінна», — дадаў ён. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што багатым варта падтрымліваць дзяржаву, а таксама дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Вялікай розніцы паміж беднымі і багатымі быць не павінна, гэта, на думку кіраўніка дзяржавы, катастрофа і будучы развал дзяржавы.

«Не магу сказаць, што наш прыватны бізнес, асабліва ў вытворчасці, паводзіць сябе дрэнна. Ён разам з намі, з дзяржавай прайшоў усе этапы — ад станаўлення да развіцця і сёння фарміруе палову нацыянальнага прадукту. І ў няпростым 2020 годзе ў асноўным вытворчы бізнес трымаў сябе адказна. Пры гэтым павінен вам сказаць, што мы не будзем аслабляць кантроль за тымі напрамкамі нашага жыцця, дзе кантралёры павінны быць, але бегаць за кожным вытворцам ні ў якім разе нельга, гэтым самым мы знішчаем усякую ініцыятыву, кантроль павінен быць перш за ўсё за выплатай падаткаў», — адзначыў Прэзідэнт.