Лукашэнка: трэба адыходзіць ад празмернага будаўніцтва жылля ў Мінску, інакш у хуткім часе ён захлынецца

VI Усебеларускі народны сход

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба адыходзіць ад празмернага будаўніцтва жылля ў Мінску, інакш у хуткім часе ён захлынецца. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, выступаючы з дакладам на VI Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Я папярэджваў ужо мінчан: нам трэба адыходзіць ад празмернага будаўніцтва жылля ў Мінску. Нам трэба размяркоўваць прадукцыйныя сілы па ўсёй краіне. Мы перанасялілі Мінск, ужо цяпер цяжка: заторы і іншае. Калі мы і далей будзем за кальцавую дарогу пашыраць і сцягваць у Мінск не толькі нашых грамадзян, але і з-за мяжы, мы захлынемся. У нас не будзе дзе людзям працаваць — мы не створым столькі вытворчасцей», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Менавіта па гэтай прычыне ў Беларусі пайшлі па шляху стварэння гарадоў-спадарожнікаў, адзначыў Прэзідэнт. Там будзе створана неабходная інфраструктура для камфортнага жыцця і забяспечана хуткая транспартная сувязь са сталіцай, паабяцаў Прэзідэнт. Дзяржава таксама будзе аказваць падтрымку грамадзянам, якія задумаліся аб будаўніцтве прыватнага жылля. У краіне дастаткова зямельных участкаў для гэтага, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці сярэднетэрміновых задач, якія неабходна дасягнуць да 2025 года, кіраўнік дзяржавы назваў забеспячэнне беларусаў якаснай пітной вадой. «Мы за гэту пяцігодку Мінск поўнасцю (гэта самая вялікая праблема) забяспечым пітной вадой з падземных крыніц. Па краіне будзе пабудавана 800 станцый ачысткі вады ад прымесей жалеза і 300 водазаборных свідравін», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У жылых дамах па краіне на працягу пяцігодкі таксама плануюць абнавіць ліфтавы фонд. Яшчэ адна праблема, якая патрабуе вырашэння, — добраўпарадкаванне дамоў. Паводле слоў Прэзідэнта, на ўлік узялі каля 30 тыс. дваровых тэрыторый, 11 тыс. ужо прыведзены ў парадак. Асобная ўвага будзе ўдзелена дарогам, асабліва мясцовага значэння. «Рамонт не менш як 7 тыс. км мясцовай сеткі і 500 км рэспубліканскай дазволіць вырашыць за пяцігодку гэтыя пытанні», — сказаў Прэзідэнт. Акрамя таго, трэба будзе рэканструяваць 24 масты, пабудаваць абходы вакол Віцебска, Магілёва і Полацка. Гэтым зоймуцца ў бліжэйшы час.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў неабходнасць развіцця рэгіёнаў, павышэння іх прывабнасці для жыцця, работы і вядзення бізнесу. «Асноўны прынцып: чым слабейшы патэнцыял тэрыторыі, тым больш стымулаў для развіцця», — падкрэсліў ён.