Шосты Усебеларускі народны сход сёння прадоўжыць работу ў Мінску

VI Усебеларускі народны сход

VI Усебеларускі народны сход сёння прадоўжыць работу ў Палацы Рэспублікі ў Мінску, паведамляе БЕЛТА.

Як чакаецца, у 10.00 другі дзень форуму адкрыюць выступленні дэлегатаў і запрошаных. Таксама будзе прынята рэзалюцыя VI Усебеларускага народнага сходу.

Напярэдадні з дакладам на УНС выступіў кіраўнік дзяржавы. Чакаецца, што Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел у рабоце форуму і сёння.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі 2,7 тыс. чалавек, з іх дэлегатаў — 2,4 тыс. На форуме сабраліся прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства: рабочыя, працаўнікі вёскі, работнікі сацыяльна-культурнай сферы і СМІ, ваеннаслужачыя, прадпрымальнікі, студэнты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, пенсіянеры. Сярод дэлегатаў сходу таксама кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, парламентарыі, дэпутаты мясцовых саветаў, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў.

Дэлегаты абмяркоўваюць вынікі рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады і асноўныя палажэнні праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021-2025 гады. Галоўная мэта на пяцігодку — забяспечыць сацыяльную стабільнасць у грамадстве і павелічэнне дабрабыту грамадзян дзякуючы якаснаму росту эканомікі, нарошчванню сацыяльнага капіталу, стварэнню камфортных умоў для жыцця, работы і самарэалізацыі. Ключавыя прыярытэты пяцігодкі — шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна, дзяржава-партнёр.