Лукашэнка: беларуская і руская мовы заўсёды будуць здабыткам нашай нацыі

VI Усебеларускі народны сход

Беларуская і руская мовы заўсёды будуць здабыткам нашай нацыі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, выступаючы з дакладам на VI Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Творчасць класікаў і творы народнай культуры, у якіх паказаны важныя вехі гістарычнага шляху беларусаў, павінны знаходзіць адлюстраванне ў сучасных праектах, цікавых у першую чаргу моладзі, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Таму што гэта пытанне захавання нашай ідэнтычнасці і суверэнітэту, аснова для разумення свайго гістарычнага права быць на гэтай зямлі.

«Мы, беларусы, жылі на ёй тысячагоддзі. Так, большую частку сваёй гісторыі — у чужых дзяржавах, з рознымі народамі. Але ў гэтым вопыце — вытокі нашай талерантнасці, дружалюбнасці, добрага стаўлення да іншых традыцый і вераванняў. Многія з іх сталі часткай нашай самабытнасці, зрабілі нас культурна і духоўна багацейшымі. У нас дзве родныя мовы: беларуская і руская», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Сувязь дзвюх культур ідзе далёка ўглыб стагоддзяў, таму адмаўляцца ад той часткі, «дзе шмат нашай, беларускай душы», нельга. «Таму беларуская і наша руская мовы — яны будуць заўсёды здабыткам нашай нацыі. І мы не будзем цкаваць і душыць людзей, каб яны не размаўлялі на рускай мове», — падкрэсліў беларускі лідар.