Лукашэнка: у Беларусі будзе арганізавана бясплатная вакцынацыя ад каранавіруса

COVID-19

 У Беларусі будзе арганізавана бясплатная вакцынацыя ад каранавіруса. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, выступаючы з дакладам на VI Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Лічу жыццёва важным арганізаваць бясплатную вакцынацыю жыхароў Беларусі ад каранавіруса, што мы і робім», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама запэўніў, што ў Беларусі абавязкова створаць уласную вакцыну, а пакуль ёсць дамоўленасці аб пастаўках расійскай і кітайскай вакцын. Больш таго, ёсць дамоўленасць аб іх вытворчасці ў Беларусі.

«Нашы вучоныя створаць вакцыну. І гэта не толькі для таго, каб цяпер абараніць людзей. Для таго каб цяпер абараніць, мы вырабім расійскую вакцыну, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ж зразумелі: гэта зараза — няхай не кавід, а нейкі свіны, птушыны грып — да нас яшчэ прыйдзе, і нам трэба будзе абараняць людзей у будучым. Таму мы, ствараючы сёння вакцыну ад кавіда, глядзім у будучае. Нам гэта спатрэбіцца ў гэтым ашалелым свеце. Вы павінны разумець, што гэта каштуе вялікіх грошай. Але калі мы сёння не вырабім (у гэтым выпадку — вакцыну), мы будзем у дзясяткі разоў больш плаціць за чужую ў будучым».