Лукашэнка прапанаваў праграму «Шматдзетная Беларусь» з сур’ёзнымі навацыямі

VI Усебеларускі народны сход

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў распрацаваць праграму «Шматдзетная Беларусь» з сур’ёзнымі навацыямі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, выступаючы з дакладам на VI Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы, па-першае, прапанаваў пашырыць межы выкарыстання сямейнага капіталу. «Другое: маці з трыма дзецьмі — не хатняя гаспадыня. Праца маці павінна ацэньвацца гэтак жа, як і любая іншая. Маці чацвярых дзяцей — зарабіла будучую працоўную пенсію. Пры нараджэнні чацвёртага дзіцяці прадаставіць шматдзетнай маці права на працоўную пенсію, нават калі ў яе адсутнічае стаж работы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы падрэжам любыя іншыя праграмы, але не дэмаграфічную, і не па падтрымцы людзей па жыллі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Будзем падтрымліваць маладыя сем’і па жыллі, бо калі ёсць дзе жыць, будуць думаць і пра нараджэнне дзяцей».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што насельніцтва Беларусі за апошнія пяць гадоў скарацілася на 90 тыс. чалавек. «Для таго каб зямлю апрацоўваць і жыць у краіне, патрэбны людзі, гэта галоўнае. Нам трэба мінімум 15 млн, а лепш 20 млн чалавек насельніцтва, а мы гэту тэндэнцыю змяншэння не пераламалі. І гэта ў будучым можа стаць не проста праблемай, а катастрофай. Тады на нас будуць глядзець іншыя густанаселеныя раёны для таго, каб прыехаць і ў нас жыць. Мы не супраць таго, каб да нас прыязджалі і жылі, але ў пераважнай большасці тут павінны жыць беларусы, каб гэта зямля заўсёды была беларуская. А для гэтага трэба сёння падтрымліваць маці, якія нараджаюць, вось і ўсё. Шматдзетным сем’ям, нараджальнасці мы павінны ўдзяліць асаблівую ўвагу», — лічыць Прэзідэнт.