Праблемы вырашаліся па тэлефоне

Общество

На “Прамую лінію”, якую сумесна з рэдакцыяй раённай газеты праводзіла начальнік аддзялення па грамадзянству і міграцыі РАУС Алена Аляксандраўна Чэрнік, паступілі тры званкі. Дзякуючы атрыманым па тэлефоне кансультацыям, у хуткім часе ў гэтых людзей стане на некалькі праблем менш.

Першым у рэдакцыю звярнуўся малады спецыяліст, які пачаў свой працоўны шлях сёлета. Да паступлення ў ВНУ ён жыў на Капыльшчыне, а пасля часова зарэгістраваўся па месцы вучобы. “Што мне трэба для таго, каб сёння зарэгістравацца ў Валожынскім раёне?” – запытаў юнак.

– Каб атрымаць рэгістрацыю па месцы жыхарства, Вам неабходна звярнуцца ў адміністрацыю ўстановы, у якой працуеце, з заявай аб прадастаўленні пакою ў інтэрнаце. Пасля гэтага напішыце заяву аб рэгістрацыі па месцы жыхарства і накіруйце яе нам, у аддзяленне па грамадзянству і міграцыі РАУС.

Наступнае пытанне насіла больш праблемны характар – як з чалавечага, так і з юрыдычнага пункту гледжання. Жанчына расказала, як 3 гады таму зарэгістравала ва ўласным доме дальнюю сваячку. Амаль год таму яна выехала жыць у іншую вобласць, але да гэтай пары не знялася з рэгістрацыйнага ўліку тут. І цяпер уладальніца кватэры не ведае, дзе яе шукаць: пенсіянерцы накладна плаціць падатак за тое, што ў яе зарэгістраваны чалавек.

– У гэтым выпадку Вам неабходна звярнуцца ў суд з іскавай заявай аб тым, што сваячка страціла права карыстання жылым памяшканнем. Затым на падставе копіі або выпіскі з рашэння суда, якое ўступіла ў сілу, орган рэгістрацыі здыме “лішняга кватаранта” з уліку па месцы жыхарства.

Маладая мама цікавілася, па якому адрасу можна зарэгістраваць дачку, якая нарадзілася гэтым летам: справа ў тым, што муж зарэгістраваны ў Маладзечна, а сама жанчына – у Валожыне.

– Рэгістрацыя па месцы жыхарства непаўналетніх, якія не дасягнулі 14-гадовага ўзросту, здзяйсняецца па месцы жыхарства аднаго з законных прадстаўнікоў дзіцяці з пісьмовай згоды другога законнага прадстаўніка. Адным словам, Вы маеце права зарэгістраваць дачушку як у Валожыне, так і ў Маладзечна.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий