Лукашэнка: праект новай Канстытуцыі будзе гатовы на працягу года

VI Усебеларускі народны сход

Праект новай Канстытуцыі будзе гатовы на працягу года. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, выступаючы з дакладам на VI Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Беларускі лідар нагадаў, што змяненне Канстытуцыі — не новая тэма. «Два з нечым гады таму я даручыў рыхтаваць новыя праекты Канстытуцыі. Нядаўна, у Пасланні народу і парламенту заявіў, што ў мяне на стале былі два праекты Канстытуцыі», — сказаў ён. Цяпер размова ідзе аб падрыхтоўцы трэцяга варыянта.

«На працягу гэтага года праект Канстытуцыі будзе гатовы, і ён будзе на працягу года абмеркаваны ўсенародна. А ў пачатку наступнага года, як мінімум, мы вынесем яго на рэферэндум», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што пад новую Канстытуцыю давядзецца перафармаціраваць многія законы, змяніць заканадаўчую базу. «Я ўпэўнены, што мы гэта можам зрабіць на працягу наступнага года», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, галоўнае ва ўсіх гэтых працэсах — не наламаць дроў. І прывёў даныя нядаўна праведзенага сацыялагічнага даследавання, згодна з якімі 60 працэнтаў рэспандэнтаў былі катэгарычна супраць змянення Канстытуцыі. «Я з гэтым не згодны. Канстытуцыю трэба мяняць, таму што такія паўнамоцтвы, якія ёсць сёння ў кіраўніка дзяржавы, вельмі цяжкія для чалавека», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Да таго ж, невядома, як скарыстаўся б такімі неабмежаванымі паўнамоцтвамі чалавек, які, калі змадэляваць сітуацыю, сілай захапіў уладу. «Таму ёсць неабходнасць у выніку гэтага распрацаваць новы праект Канстытуцыі, вынесці яго на ўсенароднае абмеркаванне і на рэферэндум», — рэзюмаваў беларускі лідар.