Прыгажосць ствараюць самi

Общество

Дызайнер кватэрнага інтэр’ера – прафесія сучасная і вельмі запатрабаваная. Аднак і ў самым “крута” аформленым памяшканні можна адчуць няўтульнасць. Правільна расстаўленыя акцэнты і вымераныя прапорцыі – не залог камфорту, дом павінен быць напоўнены энергетыкай гаспадара, цяплом яго рук, яго душой.

Будынак № 51 па вуліцы Савецкай у Івянцы кідаецца ў вочы здалёк. Цяжкія гронкі спелага вінаграду густа звісаюць над ганкам, каля платоў адна перад адной выхваляюцца буйныя восеньскія кветкі, а на падворку – безліч казачных дзівосаў, вырабленых з каранёў і суцэльнага дрэва. Пра ўсё гэта паклапаціліся гаспадары – Браніслаў Сільвестравіч і Валянціна Мікалаеўна Шафарэвічы.

У канцы сямідзесятых, калі ў Івянец прыехала малады спецыяліст, бялявая прыгажуня, ураджэнка Гомельшчыны Валянціна, мясцовы юнак Браніслаў адразу ж звярнуў на яе ўвагу. Неўзабаве згулялі вяселле і рашылі жыць самастойна. Тым больш што і зруб быў ужо закладзены бацькамі. Але і маладым хапіла клопату з будаўніцтвам. Зараз ужо і забыліся, як цяжка было працаваць, як беражліва ставіліся да кожнай капейкі. Затое помніцца, што былі тады маладымі, дужымі і вельмі шчаслівымі, бачачы, як вырысоўваецца іх будучае сямейнае гняздо. А колькі начэй правялі ў гутарках! Абмяркоўвалі размяшчэнне пакояў, дзе закласці печкі, выбіралі вокны ў веранду, колер падлогі…

Прайшлі гады. Вырас вакол дома сад, з’явіліся на ўчастку шматлікія гаспадарчыя пабудовы, лазня, альтанка – усё дагледжанае, зручнае, трывалае. Іншыя б на гэтым і спыніліся: чаго яшчэ трэба для жыцця? Але не такія Шафарэвічы. Іх любоў да роднага кутка толькі ўзрастала, а душа патрабавала прыгажосці. І зноў яны ўзяліся за работу, на гэты раз – за творчую. Ідэі і задумкі чэрпалі ў часопісах, нешта пераймалі ў суседзяў.

Не хачу пачуць у свой адрас абвінавачванне ў жаночым шавінізме, але тым не менш пераканана, што рысы гаспадарлівасці ў прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва сустракаюцца куды часцей, чым у мужчын. Але ў кожнага правіла – сваё выключэнне. Браніслаў Сільвестравіч – выключны гаспадар, да таго ж, адораны талентам. Ён так па-майстэрску працуе з дрэвам, што атрымліваюцца не проста рэчы, патрэбныя для зручнага быту, а сапраўдныя творы мастацтва. Ну хто яшчэ можа пахваліцца, што ў іх кубачкі вісяць не на кручках, а на выбеленых, адпаліраваных сучках спілаванай даўным-даўно старой яблынькі? Выразаныя з драўніны міфічныя выявы і прадметы, карункавая разьба на дзвярах – аж вочы разбягаюцца ад убачанага і ў доме, і на двары! Але “музейнайнасці” не адчуваецца, бо тут рэчы служаць людзям, а не людзі – рэчам. Нават упершыню зайшоўшы ў дом да Шафарэвічаў, вы не разгубіцеся і адразу ведаеце, дзе можна прысесці, куды пакласці рэчы, які самаробны сувенір узяць у рукі і падзівіцца…

Любяць бацькоўскі дом і сыны Шафарэвічаў, і нявестка, і трохгадовая ўнучка. Малая нават спрабуе ўнесці свой уклад у афармленне: то плюшавага мядзведзіка на палічку пасадзіць, то размалюе крэйдай сцены, а пасля абавязкова запытае любімага дзеда Боню, ці прыгожа атрымалася…

Пакідаючы гасцінны, утульны дом Шафарэвічаў, падумалася: “Гэта ў адну і тую ж раку нельга ўвайсці двойчы. А сюды яшчэ зазірнём абавязкова, бо так хочацца паглядзець, якія новыя цуды народзяцца ў чароўных руках Браніслава Сільвестравіча”.

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 



Добавить комментарий