Лукашэнка: нельга пакідаць моладзь сам-насам з інфармацыйнай прасторай

VI Усебеларускі народны сход

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, падводзячы сёння вынікі VI Усебеларускага народнага сходу, выказаўся аб дзяржаўнай маладзёжнай палітыцы і запатрабаваў узмацніць работу сістэмы адукацыі з маладым пакаленнем, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Вы ведаеце, што адбываецца з нашай моладдзю, якая часам застаецца сам-насам у інфармацыйнай прасторы. Там ёю ўжо займаюцца іншыя выхавальнікі — замежныя ідэолагі, а часам — злачынцы. І тое, што сёння адбываецца з некаторымі нашымі дзецьмі, — гэта пытанне не толькі да бацькоў, але і да ўсёй сістэмы адукацыі. Я пераканаўча прашу: усе тыя, хто мае адносіны да сістэмы адукацыі, разварушыцеся», — сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ад якасна выбудаванай работы з моладдзю шмат у чым залежыць будучае развіццё Беларусі. Можна прыняць колькі хочаце законаў, дзяржаўных рашэнняў, праграм, але для выхавання патрыятызму ў маладога пакалення гэтага недастаткова. «Законы рэагуюць на жыццё людзей, устанаўліваюць парадак. Але ў іх ніколі ўсе нюансы не прадугледзіш. Усё залежыць ад чалавека. Многае залежаць будзе ад нас, ад асобы, народа ў цэлым. Дзеці і моладзь — гэта наш прыярытэт», — падкрэсліў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым ён звярнуў асаблівую ўвагу на ролю педагогаў і сістэмы адукацыі ў цэлым. «Не трэба займацца павучаннямі. Так, недзе трэба і лекцыю прачытаць, а недзе трэба павесці за сабой, сваім прыкладам», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці пазітыўнага прыкладу работы з моладдзю ён прывёў арганізацыю экскурсій на айчынныя прадпрыемствы, дэманстрацыю ўзораў тэхнікі і тавараў, якія вырабляюць у Беларусі. «Дзеці павінны выхоўвацца на гэтым, каб яны бачылі, што мы сапраўды развітая нацыя і ўмеем такое рабіць. Можа, менш тады будуць і за мяжу глядзець. Усё — у элементарным. Трэба страпянуцца. І тут да сістэмы адукацыі ёсць сур’ёзныя прэтэнзіі», — лічыць Прэзідэнт.

«Яшчэ раз скажу: не будзем займацца сваімі дзецьмі мы — імі зоймуцца чужыя настаўнікі жыцця. І тады ў гісторыі беларускай незалежнасці, якую павінны прадоўжыць нашы дзеці, можна будзе паставіць тоўстую кропку», — падагульніў кіраўнік дзяржавы.