У шэрым шынялі радавога ішоў салдат…

Официально

Сапраўдная вайна пачалася для Васілія Зянько, як і для большасці беларускіх юнакоў, яго равеснікаў, у 1944 годзе. Сярод узнагарод і дакументаў да іх у сямейным архіве беражліва захоўваецца патрапаная чырвонаармейская кніжка № 1/684.
Несалодка жылося Васілію Зянько да вайны. Што такое беднасць і нястача, памятае стары чалавек да гэтага часу, і ніколі не падымецца ў яго рука выкінуць нават падпаленую скарынку ці счарсцвелы кавалак хлеба. Сям’я была вялікая, сямёра дзяцей, ні пра якія цацкі ці ласункі не марылі. Добра, калі бульбы ставала, каб наесціся да адвалу. А яшчэ ён ведае, што такое расці пры мачысе, бо ў 1931 годзе, калі хлопчыку было ўсяго восем гадоў, родная матуля пры нараджэнні блізнюкоў памерла. Помніць, як у школку хадзілі па чарзе, бо на ўсіх дзяцей не хапала абутку і адзення. Такім чынам да вайны адолеў чатыры класы. Праўда, былі ў басаногім дзяцінстве і свае малыя радасці, звязаныя з гульнямі на выгане ці на беразе Валожынкі, былі мары. Яны б абавязкова споўніліся пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з СССР, калі б не Вялікая Айчынная вайна…
Цяпер яго дом знаходзіцца на вуліцы 60 гадоў БССР, што на самым выездзе з райцэнтра на гродзенскую трасу. А непадалёк – бацькоўскі. Лічы, усё жыццё правёў на адным месцы. У нямецкую акупацыю пабачыў гора, крыві, слёз. Помніць, як вялі па вуліцы палонных чырвонаармейцаў, і тыя глядзелі па баках галоднымі вачамі. Мала хто адважваўся кінуць гаротнікам бульбіну ці лусту хлеба, альбо цыбуліну з яблыкам. За гэта маглі паплаціцца ўласным жыццём, пра што былі папярэджаны дзеці і дарослыя. Але некаторыя ўсё ж асмельваліся. Да бацькоў Васілія і ў суседнія дамы часта па начах стукаліся партызаны, прыходзілі за правіянтам ды адзеннем. Людзі дзяліліся апошнім. Падлеткі ведалі, што пра гэта трэба памоўчваць.
Сапраўдная вайна пачалася для Васілія Зянько, як і для большасці беларускіх юнакоў, яго равеснікаў, у 1944 годзе. Сярод узнагарод і дакументаў да іх у сямейным архіве беражліва захоўваецца патрапаная чырвонаармейская кніжка № 1/684. Гэта быў яго першы ваенны дакумент. І сёння цікава даведацца пра ваеннае абмундзіраванне салдат, прасачыць франтавыя шляхі-дарогі. З Валожына навабранцаў даставілі ў Бабруйск, затым адправілі ў Сталінград у запасны батальён. Адтуль ужо трапіў на перадавую – у Венгрыю, пад Будапешт. На ўсё жыццё запомніў салдат першы бой пры фарсіраванні венгерскай ракі: ад роты засталіся тры чалавекі, астатнія ўсе там і паляглі. Менавіта ў баях за Будапешт атрымаў Васіль Мікалаевіч першае раненне ў плячо. У шпіталі на аперацыйным стале размова ішла пра ампутацыю. І тады малады салдат літаральна вымаліў у доктара сваю руку. Як уявіў, што нікому не будзе патрэбны без рукі, то словы знаходзіліся самі…
Другое раненне – у правае сцягно – атрымаў на тэрыторыі Германіі ў Балтыйскім заліве. Два з паловай месяцы правёў у шпіталях: спачатку на тэрыторыі Румыніі ў Бухарэсце, а затым на цягніку з іншымі параненымі быў адпраўлены на рэабілітацыю ў Сочы. Так што і пра цёмныя сочынскія ночы ён таксама ведае, і мора давялося першы і апошні раз пабачыць. За гэта ён нават удзячны вайне.
Калі лячыўся апошні раз, разам у шпіталі ляжаў малады «старлей». Падчас размоў выявілася, што яны з Васіліем землякі, той з суседняга Маладзечна. Калі выпісваліся, той забраў В. Зянько ў сваю роту. Але разам вайну скончыць не давялося, бо камандзір быў зноў паранены.
У родны Валожын салдат Перамогі вярнуўся з медалём «За адвагу», які атрымаў у 1945 годзе за фарсіраванне Віслы. Мае гвардыі чырвонаармеец шмат Падзяк за выдатныя баявыя дзеянні пры авалодванні многімі нямецкімі гарадамі. Пакуль В. Зянько мяняў шпіталі і часці, медаль «За ўзяцце Будапешта» так і не знайшоў яго своечасова і быў уручаны толькі праз 59 гадоў – у 2004 годзе.
Праз пяць гадоў пасля вайны – 4 лістапада 1950 года Васілій згуляў сціплае вяселле з мясцовай прыгажуняй Верай Борыс. Яна была на шэсць гадоў маладзейшая, але ведалі адзін аднаго з маленства, бо жылі непадалёк. І вось ужо без малога шэсць дзесяцігоддзяў крочаць разам па жыцці. Не саромеюцца слёз, калі ўспамінаюць мінулае, і у адзін голас сцвярджаюць, што не могуць спакойна глядзець фільмы пра вайну… Цяжка перажылі нядаўнюю смерць сына. Яна забрала ў ветэрана шмат жыццёвых сіл.
Некалі прыгожы статны мужчына з пышнай шавялюрай з гадамі стаў як бы ніжэйшы ростам, іншы раз выглядае зусім бездапаможным, як малое дзіця. І ўжо ўнукі, моцныя і дужыя, бы маладыя дубкі, апякуюць дзеда. Але Васілій Мікалаевіч можа пахваліцца, што да гэтага дня не мае ніводнага сівога воласа і не ведае, што такое лячыць зубы. Упэўнены, што сваю добрую спадчыннасць ён перадаў нашчадкам. І толькі аднаго жадае ім: каб ніколі не бралі ў рукі зброю, каб не ведалі, што такое вайна.

Наталля ШТЭЙНЕР.
Фота Сяргея БОБРЫКА.



Добавить комментарий