Орда прапанаваў увесці дадатковыя абмежаванні на рост цэн на найбольш запатрабаваныя лякарствы

VI Усебеларускі народны сход

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда прапанаваў увесці дадатковыя абмежаванні на рост цэн на найбольш запатрабаваныя лякарствы. Аб гэтым ён заявіў сёння на VI Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Прапаную ўвесці дадатковыя абмежаванні на рост цэн на найбольш запатрабаваныя лякарствы, хаця б на перыяд росту вірусных захворванняў. Гэта неабходна зрабіць, каб не было розных спекуляцый на павышаным попыце», — сказаў ён.

Прафсаюзны маніторынг паказаў, што толькі за студзень цэны на многія лякарствы выраслі на 5-10 працэнтаў і вышэй. «Так, недзе ёсць аб’ектыўныя прычыны: павышэнне закупачных цэн, падатку на дабаўленую вартасць, — адзначыў старшыня ФПБ. — Але давайце гаварыць адкрыта: ёсць і спекулятыўны фактар. Цяпер можна прыкрываць рост цэн, як кажуць самі пастаўшчыкі і прадаўцы, чаканнямі нейкіх рызык магчымых страт. Як гэта вызначаецца і падлічваецца, абсалютна незразумела. І самае галоўнае: хто верне людзям грошы, калі так званыя рызыкі не пацвердзяцца? Мы разумеем, што крайнімі ў такіх выпадках застануцца людзі».

У цэлым у пытанні цэн Міхаіл Орда адзначыў, што за лякарствы, камуналку, прадукты чалавек плаціць з аднаго кашалька. «Таму ўсе ведамствы павінны сістэмна працаваць на апярэджванне росту цэн, а не біць па хвастах, як кажуць людзі, і потым не шукаць рашэнняў, як адкруціць цэны назад, калі яны ўжо выраслі», — сказаў старшыня ФПБ. Ён падкрэсліў, што ўсе рашэнні ў гэтым пытанні павінны прымацца з улікам дынамікі рэальных даходаў людзей.

На заканчэнне Міхаіл Орда заўважыў, што «ў гісторыі нашай дзяржавы было нямала складаных перыядаў, але ўсе пытанні і праблемы мы вырашалі толькі разам». «І сёння ўсе пытанні і пагрозы, якія ставіць перад намі жыццё, мы зможам пераадолець толькі ў тым выпадку, калі будзем з’яднаны», — дадаў ён.