Афганец – не званне, гэта лёс…

Важное Общество

15 лютага – Дзень вываду савецкіх войскаў з Афганістана

Кожны год напярэдадні  Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў нам, журналістам, даводзіцца паглыбляцца ў балючую тэму. Не, я, на шчасце, ніякага дачынення да афганскіх падзей не мела. Не ў далёкай усходняй краіне выконвалі грамадзянскі абавязак і сваякі.

Аднак яшчэ падлеткам у роднай Узбалаці разам з сям’ёй суседзяў Кавалеўскіх перажывала за іх сына і брата Мішу, які першым з нашай вёскі быў накіраваны ў Афганістан. Праз некалькі гадоў такая ж доля напаткала сябра дзяцінства Юру Саломку. Дзякаваць Богу, абодва хлопцы вярнуліся дадому, стварылі сем’і, жывуць, працуюць. Здаецца, сёння ў іх усё добра. Але я ніколі не забуду плач іх матуль і тое, як мы цэлай вуліцай чакалі лісты з адрасам палявой пошты, і бязмежную радасць ад вестак (жывыя!), што імгненна разляталіся па дамах…
Рабіць матэрыял з афганцамі складана. Па-першае, мужчыны з цяжкасцю даюць згоду на гутарку, што зразумела – нікому не хочацца вярэдзіць душэўныя раны, якія толькі-толькі пачалі загойвацца (а можа і не пачалі?). Па-другое, кожны з іх адчувае віну перад сябрамі, што прыбылі на Радзіму для таго, каб вечна маладымі глядзець на свет з фотаздымкаў на помніках…
Вось і на гэты раз інтэрнацыяналісты, да якіх звярнулася з просьбай аб сустрэчы, у першы момант катэгарычна адмовіліся. Маўляў, чаму я? Яшчэ чаго, героя з мяне рабіць будзеце? Пішыце пра іншых, больш годных, а мы што, мы – звычайныя людзі, былыя салдаты. Нічога асаблівага не зрабілі, проста, як належыць чалавеку, які прынёс воінскую прысягу, выконвалі загады камандзіраў. Ды і ўвогуле, каму гэта патрэбна? Я не стала спрачацца з суразмоўцамі, сказала толькі, што размова з імі патрэбна… мне. Чамусьці паверылі…

Віктар Феліксавіч КРАСКОЎСКІ з Вішнева, калі б быў іншым чалавекам, мог бы (упэўнена – мае на гэта права) пахваліцца сапраўднымі баявымі медалямі – “За адвагу”, “За баявыя заслугі” і “За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы”. Толькі не ў яго характары выстаўляць сябе ў патэтычным арэоле. Каб выпадкова не заўважыла высокія ўзнагароды на яго пінжаку, які былы афганец падрыхтаваў да сустрэчы з таварышамі (ці паедзе, пакуль не вырашыў), так, напэўна, і не даведалася б пра факт іх атрымання.

Па заснежанай сцежцы мы крочым з гаспадаром да яго невялікай сядзібы, якая нагадвае  хутар з-за таго, што стаіць некалькі воддаль ад суседніх дамоў. Такое ўдалае размяшчэнне жылля дае магчымасць не вельмі гаваркому чалавеку адчуваць сябе камфортна без лішняй камунікацыі.  Вакол – парадак, чысціня. Нізашто не здагадаешся, што ў доме няма гаспадыні. А гэта, між іншым, так. Віктар ужо 10 гадоў, як удавец. Пра выпрабаванні лёсу гаворыць спакойна, без надрыву, і я разумею: чалавек у свае 52 гады змог прыняць жыццё такім, якім яно ёсць.

Лёс ніколі не быў асабліва ласкавым да Віктара і яго сям’і. Маці адна выхоўвала чацвярых дзяцей, рана пачала хварэць і памерла, калі юнак праходзіў воінскую службу. Ён, дзякуючы разуменню і выключнай чалавечнасці камандавання, змог развітацца з родным чалавекам, хоць дабіраўся ў вымушаны водпуск з самога Афганістана.

У  армію малады шкловыдзімальшчык завода “Нёман” прызываўся з Ліды. Тры дні на зборы, і вось ён ужо ў поездзе, які імчыць у напрамку Масквы. Пасля перасадкі – кірунак на Душанбэ, затым на Ашхабад. “Вучэбка”  хуткая, дакладная, жорсткая. Іронія лёсу ў тым, што як мірная яго спецыяльнасць звязана з агнём (каб з-пад рук майстра выйшлі сапраўдныя творы, шкло патрэбна расплавіць), так і ваенная (прайшоў падрыхтоўку як агнямётчык). Зразумела, задаваць яму пытанні накшталт “Ці нюхаў порах?” было б лішнім…

Тэрмескі пагранічны атрад. Дэсантна-штурмавая група. Тэрміналогія гаворыць сама за сябе. Ах, як хутка тут сталелі ўчарашнія хлопчыкі! Як на рэальных прыкладах усведамлялі, што такое баявое братэрства і ў чым сэнс выразу “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”. Са 182 дэсантнікаў з іх групы загінулі чацвёра. З улікам тых (!) абставін – страты мінімальныя. Толькі гэта ніякі не цуд, а афіцэрскі і чалавечы талент маёра Сысоева. Ён і толькі ён, гэты “бацька салдацкі”, змог не дапусціць большай колькасці загінуўшых сярод давераных яму салдат…

Ці было страшна? Калі задаю гэта пытанне ўдзельнікам афганскіх падзей, заўсёды звяртаю ўвагу на паўзу, якая ўзнікае пасля яго. Яны ніколі не адказваюць адназначна. І я разумею: аналізаваць свае адчуванні ў той час яны не маглі (не да таго было), а пазней, ужо ў змененых абставінах, сталі ўспрымаць падзеі, у якіх удзельнічалі, быццам староннія наглядальнікі. Вось прыблізна так і ў Віктара. Ён падумаў і адказаў коратка: “Тая рэальнасць была страшнай, але ўспаміны пра яе яшчэ больш страшныя…”

Што дапамагло асабіста Віктару? Выхаванне, правільны патрыятычны настрой, жаданне даказаць сабе і тым, хто побач: “Я не трус!”, сталі яго асабістай ідэалогіяй.  А яшчэ ён ніколі не забываў наказ суседа – паважанага ў Вішневе чалавека, дзеда Макара: “Служы так, каб нам сорамна за цябе не было!”  Менавіта так і служыў. Два з трох асноўных сваіх медалёў перад строем такіх жа салдат атрымаў там, у Тэрмесе. А медаль “За адвагу” яму ўручыў колішні прэм’ер-міністр, ураджэнец Валожыншчыны Вячаслаў Кебіч. На тую ўрачыстасць у Мінск ездзіў з жонкай…

 Даўнія падзеі часта бачацца яму ў снах. Прызнаецца, што ставіцца да гэтых “праглядаў” спакойна. Ён увогуле не адрозніваецца эмацыянальнасцю. Нават пра няпросты шлях пасля службы гаворыць стрымана. “Жонкі нястала. Жыву адзін. Ёсць дзеці – сын і дачка, дзве ўнучкі, унук. Прыязджаюць, дапамагаюць. У нас дружная сям’я. Маю сяброў, але няшмат. Чалавек я няўтульны, гавару толькі праўду…”

Ён працаваў на Вішнеўскім участку Івянецкага дрэваапрацоўчага комплексу, а пасля закрыцця прадпрыемства выконвае шматлікія абавязкі ў якасці рабочага ў Вішнеўскай урачэбнай амбулаторыі.

Ні крыўды, ні зайздрасці, ні лішніх спадзяванняў на “старонняга дзядзьку”. Ён калі і чакае чагосьці, то толькі ад сябе. З ранку да вечара – у працы. Акрамя асноўнага дома, мае яшчэ адзін, які атрымаў у спадчыну. Таму рукі простага чалавека не маюць спакою. Дарэчы, ніколі б не падумала, быццам гэты мужчына адзінокі. У пакоях, на кухні ўсё так, як не бывае ў многіх жанчын.

Віктар не сказаў мне, за якія канкрэтна падзеі атрымаў баявыя ўзнагороды. А я пыталася. У вачах суразмоўцы ў той момант мігнула нешта такое, што здалося: вось зараз пачую гісторыю. Але ён перадумаў. Магчыма, пашкадаваў сябе, магчыма, мяне. Што ж, відаць, так трэба…

І вось зноў ідзём праз узгорак да цэнтральнай вуліцы, а чалавек, які толькі што запэўніваў мяне, быццам ні пра што асабліва не задумваецца, дзеліцца перажываннямі наконт таго, як хочацца і не хочацца паехаць на традыцыйную “афганскую” сустрэчу, як страшна яму кожны раз зазірнуць у вочы маці Паўла Падрэза Яніне Юльянаўне і як цяжка ўсведамляць: хлопцы, а значыць і ён, пастарэлі, а юнацтва, хоць і апаленае Афганам, але па-свойму шчаслівае, адыходзіць усё далей і далей…

 

Жыхар Івянца Віктар Васільевіч ЗУЕЎ нарадзіўся ў 1960 годзе. Пасля школы накіраваўся ў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, дзе набыў выключна мірную спецыяльнасць, пра якую марыў яшчэ ў дзяцінстве. Юнак, як бы не хацелася яму хутчэй прыступіць да работы на будоўлі, добра ўсведамляў: воінскі абавязак выканаць давядзецца. У той час даволі грэбліва ставіліся да мужчын, што спрабавалі “адкасіць” ад арміі.

Яго прызвалі ў 1980 годзе. Пачынаў служыць у Пскоўскай паветрана-дэсантнай дывізіі, праз год атрымаў перанакіраванне ў Віцебскую ПДД. Трапіў у дэсантнікі невыпадкова. Спартыўны, рухавы, ён быццам спецыяльна рыхтаваўся да службы, што ў СССР лічылася вельмі прэстыжнай. Інжынерныя веды дапамаглі ў хуткім засваенні навыкаў сапёра, які, як вядома, памыляецца толькі адзін раз.

“Пра тое, што нас перавядуць у Афганістан, мы з сябрамі здагадваліся. Вельмі ж скрупулёзна рыхтавалі – успамінае Віктар Васільевіч. – Ніводзін салдат з нашай групы не праявіў маладушша, не папрасіўся, каб пакінулі ў Саюзе. Калі камандзір прапанаваў выйсці са строю тых, хто лічыць, быццам не вытрымае, на месцы засталіся ўсе…”

Сапёр – увогуле паважаная сярод вайскоўцаў спецыяльнасць, а там, у правінцыі Лагман, без гэтых цярплівых з натрэніраванымі дакладнымі рухамі хлопцаў было б, як кажуць, нікуды. Суправаджалі калоны, мініравалі, размініравалі, “выкурвалі” праціўніка з засад. За ўдзел у аперацыі па выратаванні савецкага верталёта, які быў вымушаны прызямліцца на замініраваным полі, Віктара і яшчэ двух саслужыўцаў узнагародзілі медалямі “За баявыя заслугі”.

Адзіны сын у матулі не асмеліўся паведаміць роднаму чалавеку пра сваё месца службы, пісаў, быццам знаходзіцца ў Манголіі. Тая, калі і здагадвалася, віду не паказвала. Сёння Віктар радуецца, што яму тады хапіла мудрасці не траўміраваць маці сваімі аповедамі пра жыццё ў палатках пры тэмпературы ноччу каля нуля, а днём – звыш дваццаці пяці. Не пісаў ён і пра тое, як нават бруднай, з непрыемным пахам вады не хапала, як хоць на хвіліну хацелася заснуць спакойным бестурботным сном на сваім ложку, і каб дзесьці побач завіхалася матуля, гатуючы для сына смачненькае…  Не, ён ніколі не хацеў і зараз не хоча дзяліцца падрабязнасцямі таго пырыяду ні з кім. Здавалася б, ну што гэта за тэрмін – сем месяцаў? Звычайна яны пралятаюць – не заўважыш. А там расцягнуліся на цэлае жыццё, у якім кожны дзень з яго небяспекай і пагрозамі стаў успрымацца як нешта звыклае, нармальнае.

Хто цікавіўся афганскай тэмай, сустракаў тэрмін “посттраўматычнае расстройства”. Сэнс яго ў тым, што людзі, якія прывыклі да экстрэмальных абставін, з цяжкасцю адаптуюцца да мірнай паўсядзённасці. Віктар прызнаўся: штосьці падобнае перажыў і ён. Але побач заўсёды былі дзве жанчыны – матуля і жонка, якія горача любілі яго, і ён проста абавязаны быў дзеля іх узяць сябе ў рукі і засяродзіцца на галоўным у жыцці мужчыны – сям’і і рабоце.

Я запытала ў Віктара Васільевіча пра тое, ці хацелася б яму мець нейкія льготы, дапамогу. Яго адказ уразіў: “Ільготы патрэбны тым, хто атрымаў раненні, а нам, каму пашанцавала вярнуцца жывымі і здаровымі, сорамна кудысьці звяртацца са словам “дайце”. І зараз мне нічога лішняга не трэба. Афганец – гэта ж не званне. Было і было, так распарадзіўся лёс. А сёння… Вось бы толькі самаадчуванне было нішто сабе”.

Мерапрыемствы, што адбываюцца 15 лютага, Віктар Зуеў наведвае рэдка. Калі працаваў у Стоўбцах, некалькі разоў дазваляў сабе пабываць на сустрэчы баявых таварышаў. Аднак зараз, калі перажыў інфаркт і некалькі аперацый на сэрца, старецца берагчы сябе. Па гэтай прычыне ніколі не глядзіць фільмы на афганскую тэматыку, лічыць, што праўдзівыя траўміруюць псіхіку, а тыя, дзе кожны кадр – няпраўда, выклікаюць гадлівасць. “Мне ёсць дзеля каго жыць, таму абавязаны захоўваць здароўе. Матуля пастарэла, хварэе, яе трэба даглядаць. Да таго ж мы з Рытай (жонка) стараемся ва ўсім падтрымліваць дзяцей, а адзіны ўнук – увогуле наша вялікая любоў і ўцеха”.

Дарэчы, Віктар менавіта дзеля ўнука адступае ад уласных правіл – як мага радзей дакранацца да няпростай тэмы. Ён упэўнены: любы хлопчык павінен ведаць пра тое, як выконвалі свой грамадзянскі доўг продкі. Дапускае, што менавіта яго гонар за дзеда – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны – дапамог перажыць тую “камандзіроўку” ў Рэспубліку Афганістан.

Над матэрыяламі працавала Валянціна КРАЎНЕВІЧ