Мроi ў карунках

Люди и судьбы

Народны майстар Беларусі, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, лаўрэат Рэспубліканскага фестывалю “Беларусь – мая песня” і безліч узнагарод за ўдзел у Рэспубліканскіх і Міжнародных выстаўках і конкурсах народнага мастацтва… Метадыст па ткацтву Івянецкага музея традыцыйнай культуры Марыя Ксавераўна Сасонка сустракае свой юбілей у творчым росквіце.

Так сталася, што звычайная сялянская дзяўчынка з вёскі Шыкуці ўзнялася на творчы алімп, дзякуючы прыроднаму таленту і вялікай ахвоце да працы. Для ўсіх, хто побач, – простая жанчына. А з іншага боку – неардынарная асоба, чые вырабы – набытак нацыянальнай культуры…

З маленства Марыську асабліва прываблівала ткацтва і вышыўка. Відаць, генетычна перадалося ад продкаў па жаночай лініі. І ёй пашанцавала – абранае па закліку душы хобі стала сэнсам жыцця.

У пасляваенны час многія маладыя людзі з вёсак і хутароў шукалі лепшай долі ў прамысловым Івянцы. Вось і Марыя, маючы за плячамі семнаццаць гадоў, уладкавалася вышывальшчыцай у арцель імя Сталіна. Напачатку вышывала і ткала па зададзеных канонах-эскізах мастакоў, але няўрымслівая фантазія нараджала свае арыгінальныя арнаменты, якія бралі вытокі ў спрадвечных традыцыях ткацтва Івянецкага рэгіёна. Талент быў заўважаны і ацэнены. Яе ўзоры атрымалі высокую адзнаку на мастацкіх саветах і былі зацверджаны як эталон у масавую вытворчасць на прадпрыемствах лёгкай прамысловасці. Хутка Марыю прызначылі на пасаду народнага ўмельца – фактычна майстра вытворчасці.

Цяжка ўявіць, як маладая жанчына паспявала кіраваць мастацкім працэсам у цэху, дзе працавалі каля трох дзесяткаў ткачых і больш за сотню майстрых-надомніц з навакольных вёсак. Яна ўласнаручна або пад пільным наглядам ажыццяўляла закладку асновы і семантыку ўзораў будучых вырабаў.

…Марыя Ксавераўна авалодала ўсімі тонкасцямі рамяства. Ёй падуладны тэхнікі пераборнага, шматнітовага, закладнога ткацтва і нават тэхналогіі габелена. Па яе творчасці пішуцца навуковыя манаграфіі, абараняюцца кандыдацкія дысертацыі. Пасля выхаду на пенсію Марыю Ксавераўну запрасілі арганізаваць майстэрню ткацтва пры Івянецкім музеі, на што жанчына з задавальненнем адгукнулася – і бліскуча справілася. Шматлікія турысты захапляюцца яе майстэрствам. Ручнікі, сурвэткі, дываны, посцілкі, паясы ўпрыгожваюць калекцыі музеяў і прыватныя інтэр’еры мецэнатаў.

Кажуць, няма незаменных людзей ні ў адной сферы жыцця. Але гэта не датычыцца Марыі Ксавераўны. Яе вучаніцы добра авалодалі тэхнікай ткацтва, але на такім узроўні, як настаўніца, ніхто пакуль што не змог стварыць арыгінальны мастацкі твор. Дык няхай жа яе летуценні і мроі ў карунках і надалей прыносяць людзям эстэтычную асалоду!

Алег РАМАНОЎСКІ.

 



Добавить комментарий