Вішнеўскія электрыкі

Общество

На Вішнеўскім аператыўна-эксплуатацыйным пункце Валожынскага РЭС працуюць 12 чалавек. Узначальвае ўчастак майстар Віктар Рамуальдавіч Садоўскі. У зоне абслугоўвання – чатырыста кіламетраў ліній электрасетак: тры падстанцыі – у Вішневе, Багданаве і Сакаўшчыне – магутнасцю 35 кілават і больш за 130 размеркавальных пунктаў па вёсках. 

Асноўны клопат электрыкаў – бесперабойнае забеспячэнне спажыўцоў святлом, дзеля чаго маюцца вышка і два аўтамабілі. Так, сёлета ў студзені работнікам давялося шэсць разоў уначы выязджаць на абрывы ліній электраперадач: пашкоджанні адбываліся з-за падзення дрэў падчас вялікіх снегападаў. Як заўсёды, спрацавалі аператыўна, бо над аднаўленнем падачы электрычнасці шчыравалі прафесіяналы: электраманцёры Уладзімір Раманавіч Маркоўскі, Віталій Эдуардавіч Чарняўскі, Уладзімір Раманавіч Чэрнік, Аляксандр Іванавіч Зюзікаў, машыніст трактарнай вышкі Аляксандр Аляксандравіч Булыга.

У сувязі з увядзеннем у дзеянне Астравецкай АЭС у людзей з’явілася магчымасць абагрэву дамоў электрычнасцю. Гэту выгоду ўжо пачалі выкарыстоўваць вяскоўцы з Подберазі, Багданава і Вішнева. Падключэннем электракатлоў у дамах спажыўцоў займаюцца спецыялісты Вішнеўскага АЭП.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА