Школе роднай прысвячаю…

Кругозор Общество

Где-то далеко, очень далеко На горке школа стоит… Там учителя там ученики. Идут уроки… (Радкі з песні, што гучала на вечары сустрэчы ў СШ № 2 у 2000 годзе)

Першая субота лютага… Дата гэта адгукаецца шчымлівым пачуццём у сэрцы кожнага, хто з удзячнасцю ўспамінае школьнае дзяцінства. Шкада, але з-за пандэміі ў бягучым годзе многія ўстановы адукацыі не змаглі адчыніць дзверы для сваіх выпускнікоў. Адсутнасць магчымасці для правядзення традыцыйнага мерапрыемства ні ў якім разе не азначае, што мы гатовы забыць свае alma mater. Вось мой выпуск, напрыклад, дачакаў прыгожай круглай даты – 20-годдзя! Такое хіба забудзеш? Ах, як хацелася б з гэтай нагоды наладзіць сапраўднае шыкоўнае свята! Веру і шчыра спадзяюся: яно абавязкова адбудзецца. А пакуль… Проста хачу падзяліцца з чытачамі раённай газеты матэрыяламі, што за два дзесяцігоддзі сабрала ў асабісты архіў, і прысвячаю гэты нарыс аднакласнікам, любімым настаўнікам, роднай школе… 

Маё знаёмства з другой школай адбылося 30 гадоў таму. Якой вялікай, прыгожай яна мне падалася. Асабліва ўразілі яркія вітражы на вокнах. Для сямігадовай дзяўчынкі гэта быў сапраўдны казачны замак. Ён быццам пазіраў на Валожын з высокай гары. Праз нейкі час я зразумела, што зачароўвае школа не толькі велічным выглядам, але і неверагодна цёплай, душэўнай, амаль сямейнай атмасферай. Сёння ж мне хацелася б спыніцца на яе багатай гісторыі, што пачынаецца ў далёкім 1937 годзе.
Згодна з успамінамі Мойшы Перальмана, да таго часу ў горадзе ўжо існавала школа. Рашэнне аб будаўніцтве яшчэ адной сямігодкі было прынята старастам панам Трачынскім. Будынак на вуліцы Набярэжнай, які некалькі дзсяцігоддзяў лічыўся школай № 2, на шчасце, захаваўся. Праўда, большасці сучасных гараджан ён вядомы як былы вучэбна-вытворчы камбінат, а сёння ў прыгожым асабняку са свежым рамонтам размясціліся аддзяленні тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Сярэдняя школа №2 г.Валожына, 1950-я гады
ТЦСАН,2020 год.

Заняткі ў новай школе пачаліся 1 верасня 1938 года. Другі паверх і часткова першы займала школа, а ў некалькіх кабінетах першага паверха размясціліся гімназічныя класы. У перспектыве гімназія павінна была пераехаць у асобны будынак. Навучанне для гімназістаў было платным (25 злотых у месяц). Аднак з усталяваннем 17 верасня 1939 года савецкай улады ў гімназію сталі прымаць усіх жадаючых пасля 6 ці 7 класаў. Гэта былі падлеткі з горада і бліжэйшых да Валожына вёсак, у тым ліку і з малазабяспечаных сем’яў. У кастрычніку 1939 года сямігодку ператварылі ў дзесяцігодку.

Дырэктарам гімназіі лічыўся Канапніцкі (паляк, выкладаў матэматыку), а сярэдняй школай кіраваў Іода (згодна з успамінамі Васіля Гарбачэўскага, і аднаго, і другога дырэктараў рэпрэсіравалі і выслалі разам з сем’ямі). Пасля зімовых канікул у 1940 годзе гімназію і школу афіцыйна аб’ядналі, а дырэктарам прызначылі Пятра Іванавіча Біталя.

У перыяд з 1942 па 1944 гады заняткі ў школе не праводзіліся, вучні былі пераведзены ў СШ № 1. Дзейнасць другой школы аднавілася пасля вызвалення Валожыншчыны ў 1944 годзе. Маецца архіўны фотаздымак першага пасляваеннага набору.

Вучні СШ №2,1944 год.

У 2018 годзе з дапамогай вучняў 3 класа СШ № 2 мы зрабілі спробу паўтарыць легендарнае фота на ганку старога будынка. Вось такі калаж атрымаўся.

З 2018-га ў год 1944-ы

Канец 70-х.

У сучасны будынак школа пераехала ў кастрычніку 1980 года. Новая гарадская школа разлічвалася на 1176 вучняў.

Новы будынак школы,1981 год.

 

Зараз школа яркая, нібы вясёлка.

Нават сёння, пасля столькіх гадоў блізкага знаёмства са школай, яе педагагічным калектывам і некалькімі пакаленнямі вучняў, я не ведаю адказу на пытанне: “Дык у чым жа сакрэт зачаравання гэтай установы адукацыі?” Магчыма ў тым, што ў яе сценах у розныя гады вучыліся дзеці з беларускіх, рускіх, польскіх, яўрэйскіх сем’яў. Былі яны жыхарамі як горада, так і вёсак, ды і сацыяльны склад іх вызначаўся вялікай разнастайнасцю. У апошні час школа стала школай інклюзіўнай. Яна гасцінна расчыняе свае дзверы перад дзяўчынкамі і хлопчыкамі з асаблівымі патрэбамі. Тут пануюць еднасць, узаемаразуменне, талерантнасць і павага да традыцый. Мяркую, менавіта ў гэтых паняццях яе сутнасць, якую так добра самімі сэрцамі разумеем мы, тысячы яе выпускнікоў.

Алена ЖДАНЮК

P.SАўтар выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла Э. Унучаку, П. Галіеўскаму, З. Разанавай, Ф. Іода, Л. Зялкоўскай, В. Радыну, Л. Малянковіч,  Г. Усавай, а таксама калектывам газеты “Працоўная слава”, СШ № 2.