Цікава правесці вольны час дапамагаюць клубныя ўстановы

Культура

Аматарскія аб’яднанні і клубы па інтарэсах – шырока распаўсюджаная, перспектыўная форма арганізацыі вольнага часу насельніцтва, паколькі дазваляе задаволіць патрэбы чалавека не толькі ў адпачынку, але і ў творчасці. На Валожыншчыне яны складаюць значную частку ад агульнай колькасці клубных фарміраванняў.

 

На базе клубных устаноў раёна арганізаваны і працуюць 33 аб’яднанні і клубы па інтарэсах, сярод іх – 14 дзіцячых. Займаюцца тут 358 чалавек, дзяцей і падлеткаў – 158.

Віды, тыпы і напрамкі дзейнасці гэтых фарміраванняў вызначаюцца вялікай разнастайнасцю. Іх галоўная задача – цікава арганізаваць вольны час для ўсіх узроставых катэгорый. Паколькі ў людзей розныя інтарэсы, то і работа вядзецца па розных напрамках. У раёне працуюць 14 грамадска-культурных аматарскіх аб’яднанняў, 8 – сямейна-бытавых, 5 – мастацкіх, 1 – гісторыка-краязнаўчае, 5 – традыцыйнай народнай культуры.

Сярод аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах грамадска-культурнага напрамку ў сельскай мясцовасці дзейнічаюць падлеткавыя клубы “Арт-майстэрня” і “Вясёлка” на базе Бабровіцкага КСЦ, “Кругагляд” Сакаўшчынскага СЦК, “Забаўнік” Багданаўскага СЦК, “Сонейка” Суднікаўскага СК, “Жамчужынка” Дорскага СДК і “Сонейка” Пугачоўскага СДК, “Забава” Падбярэзскага СЦК. Асноўнымі формамі іх працы з’яўляюцца забаўляльна-гульнявыя, конкурсныя праграмы, экскурсіі. Традыцыйным для іх стала правядзенне дзён імянінніка.

Паколькі ў сельскай мясцовасці ў асноўным пражываюць людзі сталага ўзросту, цэнтры, Дамы культуры і клубы вядуць вялікую работу па арганізацыі іх вольнага часу. 4 клубы ветэранаў працы: “Натхненне” Івянецкага ДК, “Восень” Суднікаўскага СК, “Залаты ўзрост” Пугачоўскага СДК. “Натхненне” Дорскага СДК наведваюць 37 чалавек. Апошні з’яўляецца прыкладам станоўчай дзейнасці сярод аматарскіх аб’яднанняў для пажылых людзей. Кіруе ім Валянціна Саўген. Нецікавых пасяджэнняў тут не бывае, удзельнікі самі плануюць і выступаюць з прапановамі па правядзенні мерапрыемстваў. Найбольш запамінальнымі для іх сталі чайная вечарына “На самаварную гадзіну мы запрашаем вас” і сустрэча з настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы айцом Паўлам “Пад Покрывам Прасвятой Багародзіцы”.

 Сям’я – галоўнае складаемае чалавечага жыцця. Вольны час, праведзены разам, дае магчымасці для актыўнага адпачынку і асобаснага развіцця ўсіх яе членаў, улічваючы індывідуальныя інтарэсы і патрэбы кожнага, а яшчэ ўмацоўвае сувязі пакаленняў. Ва ўстановах культуры клубнага тыпу нашага раёна працуюць 8 аб’яднанняў сямейна-бытавога напрамку: клубы “Гармонія” Дорскага СДК, “Сустрэча” Дубінскога СЦК, “Сямейная гасцёўня” Бабровіцкага КСЦ, “Я і мая сям’я” Багданаўскага СЦК, “Традыцыя” Падбярэзскага СЦК, “Свет сям’і” Пугачоўскага СДК, “Сямейнае шчасце” Суднікаўскага СК, “Гаспадынька” Сакаўшчынскага СЦК. Агульная колькасць іх удзельнікаў складае 100 чалавек, 44 – дзеці. Планы аб’яднанняў уключаюць сумесныя сямейныя святы, конкурсы, экскурсіі, спартыўныя мерапрыемствы, танцавальныя і песенныя нумары, тэатралізаваныя ранішнікі і гульнявыя праграмы для дарослых і малых. Дзеці рыхтуюць невялікія канцэрты. Жанчыны прыносяць хатнюю выпечку, нарыхтоўкі на зіму, дзеляцца паміж сабой найбольш удалымі рэцэптамі.

У мастацкім кірунку ў сельскай мясцовасці працуюць чатыры клубы: дзіцячы літаратурны клуб “Гасціба” і маладзёжны клуб аматараў сучаснай музыкі “Дыскаманія” Івянецкага ДК, падлеткавы клуб “Юны дзіджэй” Пугачоўскага СДК, аматарскае аб’яднанне “Натхненне” Дубінскога СЦК. Займальна, змястоўна і творча праходзіць кожнае іх пасяджэнне. З дапамогай удзельнікаў клуба “Дыскаманія” вядзецца падборка музыкі для дыскатэк, тэматычных і дзіцячых музычна-забаўляльных праграм. Акрамя таго, ажыццяўляюцца мерапрыемствы па прафілактыцы правапарушэнняў, прапагандзе здаровага ладу жыцця, бяспекі жыццядзейнасці.

Па гісторыка-краязнаўчым кірунку ў раёне працуе дзіцячае аб’яднанне “Родная старонка” на базе Вішнеўскага СДК. Разам з кіраўніком Таццянай Каланцэр рабяты збіраюць і вывучаюць матэрыялы па гісторыі роднага краю, знаёмяцца з традыцыямі, арганізоўваюць сустрэчы з цікавымі людзьмі, у тым ліку майстрамі народнай творчасці, выставы малюнкаў, экскурсіі і іншыя мерапрыемствы. На свае пасяджэнні хлопчыкі і дзяўчынкі запрашаюць сяброў і знаёмых.

 Над выкананнем мэтавай праграмы па адраджэнні народных промыслаў, рамёстваў і традыцыйнай народнай культуры ў Ракаўскім ЦНТ працуюць аматарскія аб’яднанні “Рошчына” і дзіцячае “Юны этнограф”. А ў Багданаўскім СЦК дзейнічае жаночы клуб аматараў беларускай кухні “Гаспадыня”, удзельнікамі якога праведзены конкурсна-гульнявая праграма “Ану, гаспадынька”, дні імянінніка, сумесна з удзельнікамі дзіцячых фарміраванняў – традыцыйны абрад калядавання “Святло Віфлеемскай зоркі” і г. д. Асноўнай задачай вышэйпералічаных аб’яднанняў з’яўляецца адраджэнне і захаванне народных традыцый, свят і абрадаў, гісторыі сваёй вёскі, раёна.

Хочацца адзначыць, што людзі, якія наведваюць аматарскія аб’яднанні і клубы па інтарэсах, любую сваю сустрэчу ператвараюць у сапраўднае свята. Разам яны збіраюцца не толькі для таго, каб заняцца любімай справай, але і проста выпіць кубак гарбаты ці кавы з сябрамі.

 Ва ўстановах клубнага тыпу гасцінна запрашаюць і з радасцю сустракаюць кожнага наведвальніка. Калі ў некага ўзнікне жаданне стаць удзельнікам аднаго з аб’яднанняў, не сумнявайцеся, прыходзьце, тут прымуць як добрых сяброў. У вас з’явіцца цудоўная магчымасць выдатна правесці час са сваімі аднадумцамі.

Анжэла РАДЫНА