Новы міжнародны працоўны праект плануюць рэалізаваць БРСМ і «Мабільныя кадры Расіі»

Молодежный курьер

Новы міжнародны працоўны праект для ўдзельнікаў студатрадаўскага руху Беларусі і Расіі плануюць рэалізаваць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Агульнарасійская маладзёжная грамадская арганізацыя «Мабільныя кадры Расіі», паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прадстаўнік Цэнтральнага камітэта БРСМ, камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў Надзея Шахоўская.

«Першым крокам у рэалізацыі новага працоўнага праекта стане міжнароднае пагадненне аб стратэгічным партнёрстве па арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў, якое БРСМ і АМГА «Мабільныя кадры Расіі» плануюць падпісаць 17 лютага ў Мінску. Пагадненне накіравана на далейшае ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі ў галіне развіцця маладзёжнай палітыкі, студатрадаўскага руху, патрыятычных і камунікацыйных напрамкаў. У выніку дзве дружалюбныя краіны павысяць узровень патрыятычных настрояў, атрымаюць новыя рабочыя месцы, абмяняюцца прафесійным вопытам, папулярызуюць рабочыя спецыяльнасці», — расказала Надзея Шахоўская.

Яна адзначыла, што з беларускага боку подпісы пад дакументам паставіць першы сакратар ЦК БРСМ член Савета Рэспублікі Дзмітрый Варанюк, з расійскага — старшыня праўлення АМГА «Мабільныя кадры Расіі» Уладзіслаў Шамін.

«У аснове пагаднення ляжыць развіццё патрыятычнага выхавання моладзі братэрскіх краін праз удзел у будаўніцтве гістарычна значнай аўтадарогі М-1 «Беларусь», — дапоўніла камандзір РШСА. — Акрамя таго, нашы дамоўленасці будуць садзейнічаць інтэнсіфікацыі інтэграцыйных працэсаў у сферы маладзёжнай палітыкі, а таксама пашырэнню кола прадпрыемстваў і арганізацый у рэалізацыі сумеснага працоўнага праекта. Выключна важнае значэнне будзе мець і ўстанаўленне асабістых сяброўскіх адносін паміж беларускімі і расійскімі ўдзельнікамі студатрадаў».