Тыдзень спорту i здароўя завершаны

Спорт

У рамках рэспубліканскай акцыі “Тыдзень спорту і здароўя”, прымеркаванай да пачатку новага навучальнага года, спартыўныя спаборніцтвы, эстафеты, конкурсы, тэматычныя гутаркі з 10 па 17 верасня праводзіліся і на тэрыторыі нашага раёна. З ініцыятывай правесці такую рэспубліканскую акцыю выступіла Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а раённую – аддзелы адукацыі і фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама. 

На працягу тыдня ў раёне прайшло 31 спартыўнае мерапрыемства. Да ўдзелу былі запрошаны не толькі школьнікі і навучэнцы ўстаноў адукацыі і выхавання раёна, але і спартсмены-аматары і прафесіяналы, ветэраны спорту і проста прыхільнікі здаровага ладу жыцця. Задзейнічаны ў гэты час былі ўсе стадыёны, спартыўныя пляцоўкі, спартзалы.

Найбольш адметнымі сталі раённы турнір па міні-футболу сярод школьнікаў на прыз А. С. Латышава, які праходзіў на стадыёне ў мікрараёне Сельгастэхніка (сярод васьмі каманд-удзельніц пераможцамі ў малодшай групе прызнана зборная гімназіі-сярэдняй школы № 1, у старэйшай – каманда ДЮСШ), адкрытае першынство па настольнаму тэнісу ў Ракаве, першынство аддзялення лёгкай атлетыкі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы ў Івянцы. У гімназіі № 1 райцэнтра Тыдзень спорту і здароўя завяршыўся майстар-класам “Футбол без межаў”, дзе сяброўскі матч згулялі зборныя каманды настаўнікаў і вучняў. Фінальным акордам раённых спартыўных мерапрыемстваў стала суботняе спаборніцтва па міні-футболу сярод калектываў фізічнай культуры прадпрыемстваў і арганізацый.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *