МУЖНАСЦЬ І ГЕРАІЗМ ТЭРМІНАЎ ДАЎНІНЫ НЕ МАЮЦЬ

Важное Общество

Прайшло больш як тры дзесяцігоддзі з таго часу, калі апошні савецкі салдат-інтэрнацыяналіст пакінуў тэрыторыю Афганістана. Дзевяць гадоў, месяц і дваццаць дзён доўжылася ваенная аперацыя з удзелам Узброеных Сіл СССР у гэтай рэспубліцы. У памяці беларусаў даўнія падзеі назаўсёды застануцца афганскай вайной, з якой не вярнуліся многія суайчыннікі.     

Кожнаму, хто хоць колькі-небудзь знаёмы з сусветнай гісторыяй, вядома: ХХ стагоддзе войнамі, і як след людскімі пакутамі, літаральна перанасычана. У гэтым сэнсе афганская аперацыя ні ў чым не адрозніваецца ад іншых. Страх, бруд, кроў… Вось і для беларускага народа яна стала  безумоўным злом. Ніхто і ніколі не кампенсуе бацькам найвялікшую страту, якую толькі можа панесці чалавек, – дзіця. Маладыя, здаровыя, энергічныя, з уласцівай юнацтву прагай жыцця і прыгод… Яны, як і кожны ў іх гады, будавалі планы, марылі, да чагосьці імкнуліся. Сынам Валожыншчыны Паўлу Падрэзу, Івану Мазуру, Валянціну Сліжу не давялося спраўдзіць спадзяванні сваіх родных. Іх будучыня так і не адбылася. Замест – нешматлікія фотаздымкі, пацёртыя лісты і памяць людская…

У мінулы панядзелак на традыцыйную сустрэчу воінаў-інтэрнацыяналістаў прыбылі адзінаццаць удзельнікаў вайны ў Афганістане. Віталі паважаных людзей старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Бібік, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Ракавец, дырэктар ТЦСАН Галіна Рай, начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў Юрый Нахай, начальнік РАУС Дзмітрый Вяроўчык, намеснік камандзіра воінскай часці 30695 Дзмітрый Ракавец.

Мітынг, падчас якога прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых, стаў таксама данінай павагі мужным землякам, што змаглі выжыць у складаных умовах, пры гэтым годна выканаць чалавечы, салдацкі і грамадзянскі доўг.

Пётр Бібік, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, падкрэсліў: мужнасць і гераізм не маюць тэрмінаў даўніны і ва ўсе часы ўслаўляюцца народам як самыя высакародныя якасці асобы. Моц характараў, сіла волі і бясстрашша шасцідзесяці валожынцаў, якім давялося ваяваць пад чужым небам, заўсёды будуць служыць прыкладам новым і новым пакаленням.

Кароткае, але эмацыянальнае, бязмежна шчырае выступленне воіна-інтэрнацыяналіста Уладзіміра Кругліка закранула самыя адчувальныя струны ў душах людзей, што сабраліся ў скверы перад райвыканкамам. Не, чалавек, які не аднойчы зазірнуў у вочы смерці, мае  сапраўдныя баявыя ўзнагароды, не імкнуўся выклікаць жаль ці спачуванне. Ён некалькі разоў падкрэсліў: афганцам патрэбны не шкадаванне, а гарантыі, што паўтору падзей, якія так страшна адбіліся на іх лёсах, ніколі не будзе.

Словы павагі і ўдзячнасці баявому пакаленню васьмідзясятых ад юных жыхароў сучаснай Валожыншчыны выказала член маладзёжнага Парламента пры Савеце Рэспублікі Беларусь Вікторыя Трахімовіч.

Прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых, усклалі вянкі і кветкі да памятнага знака ў гонар воінаў—інтэрнацыяналістаў.

Кожны з эпізодаў непрацяглага мерапрыемства, так бы мовіць, працаваў на яго галоўны глыбінны сэнс: беларусам не патрэбна вайна. Шчырыя пранікнёныя словы, схіленыя перад вечным агнём галовы, нявыплаканыя слёзы ў вачах галоўных герояў сустрэчы і тых, хто, хоць і не быў там, у далёкім Афгане, але сэрцам і душой адчувае нясцерпны боль за сваіх суайчыннікаў. Адмяніце вайну! Песняй з такой назвай  у выкананні Яны Санюковіч пачаўся мітынг, а завяршыўся выступленнем мужчынскага трыа, якое ўславіла малітву матулі за сваё дзіця.

У той жа дзень, як і кожны год, афганцы пабывалі на месцах пахавання баявых таварышаў – Паўла Падрэза (Багданава), Валянціна Сліжа (Гародзькі), Івана Мазуры (Ракаў), завіталі ў госці ў вёску Зарэчную, дзе Яніна Юльянаўна Падрэз кожны раз чакае таварышаў сына-героя, якія прывыклі ставіцца да яе як да роднай матулі.  

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара