Узнятыя праблемы — на кантролi

Официально

На “Прамую лінію”, якую на мінулым тыдні паводзіў начальнік Маладзечанскага міжраённага аддзела ўпраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Я. У. Сарока, пытанняў, што непасрэдна тычыліся б дзейнасці чыноўніка, не паступала. Тым не менш званкі былі, жыхары раёна падзяліліся з Яўгенам Уладзіміравічам самым набалелым, папрасілі пасадзейнічаць у вырашэнні праблем.

Зарэгістраваны два звароты ад прадстаўнікоў жыллёва-будаўнічых кааператываў раёна. Жыхарка вёскі Паморшчына Наталля Арлоўская з ЖБК “Надзея-2005” паскардзілася на неўпарадкаванасць дома, нежаданне адказных за будаўніцтва і здачу аб’екта арганізацый устараняць агрэхі. У падвале жылога дома, які здалі ў эксплуатацыю ў 2009 годзе, да гэтай пары плюхаецца вада, сырасць гатова перакінуцца на ніжэйшыя паверхі. Не ўсё ў парадку і з дахам. Па словах жанчыны, камісіі прыязджаюць, даследуюць праблемы, але хацелася б больш канкрэтных крокаў.

Як справядліва адзначыў Яўген Уладзіміравіч, у адно імгненне гэтыя пытанні вырашыць немагчыма. Але са свайго боку абавязаўся пераадрасаваць заяўленыя просьбы ў адпаведныя структуры. Цяпер жанчыне і ўсім жыльцам “Надзеі” трэба чакаць пісьмовага адказу, у якім будуць акрэслены дакладныя тэрміны правядзення работ.

Наступны званок паступіў ад прадстаўніцы ЖБК “Ракаўбудград” Алены Рудовіч. Яна пацікавілася, калі нарэшце банк выдзеліць грошы на будаўніцтва жылля: крэдытаваліся ў ліпені, а ніякіх зрухаў няма да гэтай пары. У адказ на гэта Я. У. Сарока парэкамендаваў пісьмова звярнуцца ў аддзяленне абслугоўваючага кааператыў банка. Атрыманы адтуль канкрэтны адказ дапаможа вызначыць далейшыя крокі.

Апошняй на “Прамую лінію” патэлефанавала Кацярына Радкевіч з вёскі Старынкі. Маладая маці, якая нарадзіла нядаўна другое дзіця, 25 жніўня падала ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама дакументы на дапамогу і непакоілася, што пакуль яе не атрымала. Начальнік міжраённага аддзела заспакоіў жанчыну: падобныя пытанні разглядаюцца на працягу месяца, таму чакаць дапамогі засталося нядоўга.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий