Мінжылкамгас расказаў аб змяненні платы за ЖКП у студзені ў сувязі з пахаладаннем

Общество

У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі расказалі аб змяненні платы за ЖКП у студзені 2021 года ў параўнанні са снежнем 2020-га ў сувязі з пахаладаннем, паведамляе БЕЛТА.

«Адным з найбольш значных артыкулаў расходаў сем’яў пры аплаце жыллёва-камунальных паслуг у зімовы перыяд па-ранейшаму з’яўляецца плата за ацяпленне жылых памяшканняў, памер якой можа вар’іравацца, у тым ліку і ў залежнасці ад умоў надвор’я. Большасць шматкватэрных жылых дамоў у рэспубліцы аснашчана прыборамі групавога ўліку расходу цеплавой энергіі на ацяпленне. Значыць, сума платы з месяца ў месяц можа змяняцца пры нязменных тарыфах і залежыць ад таго, колькі цяпла па факце зрасходавана. Чым большая плошча кватэры, тым больш цеплавой энергіі, як правіла, расходуецца на ацяпленне, асабліва пры пахаладанні», — растлумачылі ў ведамстве.

Як адзначылі ў Мінжылкамгасе, прыбаўка за ацяпленне з-за зніжэння тэмпературы знадворнага паветра можа залежаць ад шэрага фактараў, у тым ліку ад плошчы кватэры, месцараспалажэння дома, яго энергаэфектыўнасці, рэгіёна пражывання. Паводле даных Белгідрамета, сярэднямесячная тэмпература знадворнага паветра за снежань 2020 года складала мінус 0,5 градуса па рэспубліцы, па горадзе Мінску — мінус 1,2, а за студзень 2021 года — мінус 3,7 па краіне і мінус 4,5 па Мінску. У сувязі з пахаладаннем у студзені расход цеплавой энергіі павялічыўся ў параўнанні са снежнем. Напрыклад, на ацяпленне чатырохпакаёвай кватэры 81,7 кв.м у снежні 2020 года было патрачана фактычна 1,4852 Гкал, сума платы склала Br30,63, а ў студзені 2021 года на ацяпленне гэтай жа кватэры расход склаў 1,8431 Гкал, сума платы — Br38,01, павелічэнне платы склала Br7,38.

«У шматкватэрных дамах, дзе няма прыбораў уліку, плата за ацяпленне — пастаянная велічыня ў абагравальны перыяд (як правіла, з кастрычніка па красавік) пры нязменных тарыфах, незалежна ад таго, якая тэмпература на вуліцы і колькі было затрачана цеплавой энергіі для забеспячэння камфортнай тэмпературы ў кватэрах. Пераразлік за ацяпленне па такіх дамах ажыццяўляецца па выніках абагравальнага перыяду», — паведамілі ў міністэрстве.

У Мінжылкамгасе звярнулі ўвагу, што пры ўзнікненні пытанняў па налічэнні платы за студзень 2021 года па растлумачэнні спажыўцы могуць звярнуцца ў РДЦ па месцы жыхарства, і ў выпадку выяўлення збояў у рабоце прыбораў уліку расходу цеплавой энергіі або пацвярджэння іншых фактаў, што паўплывалі на суму налічэнняў, будзе ажыццяўляцца пераразлік.